Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Прэм’ера паводле прозы Быкава». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
26 Чэрвеня 2019
«Адлюстраванні. Прэм’ера паводле прозы Быкава». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё) Літаральна тыдзень застаўся да свята, якое наўпростава звязана з кожнай беларускай сям’ёй; гэта, канечне, 3 ліпеня – Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Прайшло 75 гадоў з таго пераможнага часу, але па-ранейшаму трывалая наша памяць. Яе галоўнымі захавальнікамі цяпер становяцца новыя пакаленні беларусаў – нашчадкі ўдзельнікаў вайны. Гаварыць пра перажыты боль і тую жахлівую трагедыю мільёнаў можна рознымі сродкамі. Літаратура і мастацтва дапамагаюць нам вяртацца ва ўчарашні дзень, каб будаваць заўтрашні. Да праўдзівых успамінаў жывых сведкаў ваенных падзей ў нашай памяці застаюцца лепшыя ўзоры мастацкіх твораў пра вайну, якія выклікаюць глыбокія пачуцці і перажыванні. Яны нясуць моцны зарад кожнай душы, неабыякавай да гісторыі, здольнай разумець свет асацыятыўна і шукаць у ім сваё месца разам з іншымі. Імя народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава ўспрымаецца намі як сімвал самай жорсткай праўды ў адлюстраванні падзей Вялікай Айчыннай вайны. Яго «непрыхарошаныя» аповесці яшчэ ў 60-70-я гады ХХ стагоддзя «выклікалі агонь на сябе» з боку савецкай цэнзуры і непаддзельную цікавасць чытача. Маральны крытэрый Быкаўскай ваеннай прозы аказаўся настолькі высокім, што яна сталася кропкай адліку новай плыні ў беларускай літаратуры. І адпаведна да яе адразу пачалі звяртацца іншыя творцы: рэжысёры, мастакі, кампазітары. На Беларускім радыё паводле аповесцей Васіля Быкава створана шмат радыёспектаклей. Адной з першых у 1964-м годзе была пастаўлена «Альпійская балада» Марынай Троіцкай з народнымі артыстамі СССР Аляксандрай Клімавай і Віктарам Тарасавым у галоўных ролях. Тут можна згадаць таксама “Жураўліны крык”, “Апошні шанц”, “Пайсці і не вярнуцца”, “Кар’ер”, “У тумане”, “Мёртвым не баліць”, “Знак бяды”, “Пастку” ды іншыя знакавыя радыёпастаноўкі паводле аповесцей Васіля Быкава, якія захоўваюцца ў фондах Беларускага радыё. Да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 95-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё падрыхтаваны новы радыёспектакль “Воўчая зграя”. Гэты твор быў напісаны Быкавым праз 30 гадоў пасля Вялікай Перамогі ў 1975-м. Сам аўтар атрымаў за яго Дзяржаўную прэмію БССР. Тады ж на “Беларусьфільме” паводле аповесці была знята аднайменная кінастужка рэжысёрам Барысам Сцяпанавым, а ў Беларускім тэатры оперы і балета адбылася прэм’ера оперы кампазітара Генрыха Вагнера “Сцежкаю жыцця”. І вось цяпер, ужо ў ХХІ-м стагоддзі, гэтая драматычная гісторыя пераказана слухачу ў жанры радыёспектакля. Праўда вайны па-Быкаву заўсёды канцэнтруе праяўленне вышэйшых сіл і волі чалавека. Як бы правакуе яго на максімум са знакам плюс ці знакам мінус. А напружанне сітуацый, у якія трапляюць героі, набывае часам містычную афарбоўку. У аснове нашага радыёспектакля – лёс маладога партызана Ляўчука, які падчас карніцкіх аперацый, сам паранены, коштам неверагодных намаганняў, выратоўвае жыццё нованароджанаму хлопчыку. Яны сустрэнуцца толькі праз 30 гадоў пасля Перамогі… Галоўныя ролі ў спектаклі выконваюць: народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, артыст Аляксандр Гарцуеў, артысты Сяргей Жбанкоў, Дзіяна Камінская, Ігар Сідорчык, Генадзь Гаранскі, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Андрэй Душачкін, Леанід Улашчанка, народны артыст Беларусі Арнольд Памазан, у эпізодах заняты артысты Андрэй Кавальчук, Віктар Молчан, Аляксей Сенчыла. Аўтар інсцэніроўкі для радыё Галіна Шаблінская, рэжысёр-пастаноўшчык Алег Вінярскі, гукарэжысёр Валерый Бяляеў. Музыка кампазітара Уладзіміра Саўчыка. Прэм’еру радыёспектакля “Воўчая зграя” паводле аднайменнай аповесці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава слухайце ў “Тэатры Беларускага радыё” 2 і 3 ліпеня ў 22 гадзіны 10 хвілін. Не прапусціце!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: