
Першы нацыянальны канал Беларускага радыё ад пачатку новага вяшчальнага сезона разам з часопісам “Маладосць” праводзіць літаратурны праект-конкурс “Бацькаўшчына светлая мая”, прысвечаны Году малой радзімы. Ідэя нарадзілася абсалютна натуральна і выбар партнёра быў таксама невыпадковым. Калі сумяшчаюцца магчымасці электроннага і друкаванага СМІ – яно на карысць агульнай справе. У нашым выпадку лепшыя творы канкурсантаў не толькі гучаць у радыёэфіры, але і друкуюцца на старонках літаратурнага часопіса.
Акурат гэтымі лютаўскімі днямі пачаўся адлік пятага конкурснага месяца, а значыць, траціну заяўленага творчага шляху мы прайшлі разам з канкурсантамі. Нас, як арганізатараў, сапраўды, вельмі парадавала тое, што ініцыятыва была пачута і падхоплена радыёслухачамі і чытачамі. Таму што адразу з’явіліся першыя электронныя лісты з вершамі і эсэ, прысвечанымі тэме “Бацькаўшчына светлая мая”. Нагадаю, што паводле Палажэння аб правядзенні конкурсу, заяўкі прымаюцца па дзвюх намінацыях: “Паэзія” і “Эсэ”, у трох узроставых катэгорыях: да 16 гадоў, ад 16-ці да 35-ці, ад 35 гадоў і старэйшыя. Удзельнікамі могуць быць усе, хто пажадае выказаць сваю любоў да родных мясцін у прапанаванай мастацкай форме, як аматары творчасці, так і прафесійныя літаратары. Больш падрабязную інфармацыю пра конкурс чытайце на нашым сайце: радыё.бел, а мне б хацелася пакуль расказаць, што мы паспелі зрабіць за гэты час.
Па-першае, дэталёвы аналіз творчай пошты кожнага месяца робіць прафесійнае журы, якое складаецца з дзевяці чалавек. Вынікі абвяшчаюцца ў эфіры літаратурнай праграмы “Творчы вечар” з удзелам пераможцаў і членаў журы, лепшыя творы друкуюцца ў чарговым нумары часопіса “Маладосць”, гучаць ў радыёпраекце “Літаратурны калейдаскоп”. Думаю, на карысць агульнай справе ідуць і тыя майстар-класы ад членаў журы, якія атрымліваюцца падчас эфіру “Творчага вечара”. Такая нязмушаная гутарка-падказка прафесіяналаў для ўдзельнікаў конкурсу.
Канечне, тэма радзімы, свайго радзіннага, тых мясцін, адкуль пачаўся шлях чалавека па зямлі – гэта святое і сакральнае адчуванне для кожнага. Хтосьці нясе яго ў сабе моўчкі, як вельмі дарагі скарб, не жадаючы адкрываць лішні раз на людзі, каб не паменьшала той першароднасці, якая трымае тваю самабытнасць. А камусьці наадварот вельмі хочацца падзяліцца гэтым шчасцем бацькоўскага краю, што ён адзін такі любы і непаўторны ва ўсім свеце. І часцей гэта людзі творчыя. Якраз яны і адгукнуліся на нашу прапанову прыняць удзел у літаратурным конкурсе “Бацькаўшчына светлая мая”, прысвечаным Году малой радзімы.
Нас радуе той факт, што сярод 93-х удзельнікаў, якія даслалі нам 227 сваіх твораў, – школьнікі і студэнты, педагогі і медыкі, бібліятэкары і бізнесмены, хатнія гаспадыні і супрацоўнікі розных структур, ну і, канечне, прафесійныя літаратары. Такі шырокі спектр аўтараў па роду іх дзейнасці. Самым юным, дарэчы, – 11-13 гадоў, самым сталым – больш за 80. Геаграфія лістоў, якія мы атрымалі, таксама ўражвае. Яны прыходзяць з вёсак і гарадоў усіх 6 абласцей Беларусі, Мінска, ёсць нават некалькі замежных адрасоў (інтэрнэт спрацоўвае і тут).
Зразумела, мастацкая якасць такой размаітай конкурснай пошты таксама неаднолькавая. Ёсць вельмі цікавыя, вобразныя арыгінальныя творы, ёсць слабейшыя. Але ўсіх вылучае адна бясспрэчная асаблівасць – шчырае памкненне творчай душы выказацца ў любові свайму роднаму краю. Што да жанравай прыхільнасці нашых канкурсантаў, то вершаў мы атрымліваем значна больш, чым эсэ. Магчыма, для кагосьці гэты жанр выклікае складаннасці, і тым не менш – спрабуйце, шаноўныя, пішыце.
Падрабязная інфармацыя пра літаратурны праект-конкурс “Бацькаўшчына светлая мая”, прысвечаны Году малой радзімы, які праводзіць Першы нацыянальны канал Беларускага радыё разам з часопісам “Маладосць”, размешчана на нашым сайце: радыё.бел (у раздзеле «Спецпраекты»). Конкурс працягваецца да верасня 2019 года.
Нагадаю, у чацвер, 7 лютага, у праграме “Творчы вечар” мы падвядзем вынікі за студзень. Пачатак эфіру – у 21 гадзіну 5 хвілін на Першым нацыянальным! Не прапусціце!