Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Сэрца падкажа патрэбныя словы…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
17 красавіка 2019
«Адлюстраванні. Сэрца падкажа патрэбныя словы…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё) Першы нацыянальны канал Беларускага радыё разам з часопісам “Маладосць” працягвае літаратурны праект-конкурс “Бацькаўшчына светлая мая”, прысвечаны Году малой радзімы.
Сёння можна з прыемнасцю сказаць, што палову заяўленага творчага шляху мы прайшлі разам з нашымі канкурсантамі. І досыць паспяхова. Нас, як арганізатараў, сапраўды, вельмі парадавала тое, што ініцыятыва была адразу пачута і падхоплена слухачамі Першага нацыянальнага і чытачамі часопіса “Маладосць”.
Нагадаю, што паводле Палажэння аб правядзенні конкурсу, заяўкі прымаюцца па дзвюх намінацыях: “Паэзія” і “Эсэ”, у трох узроставых катэгорыях: да 16 гадоў, ад 16-ці да 35-ці, ад 35 гадоў і старэйшыя. Удзельнікамі могуць быць усе, хто пажадае выказаць сваю любоў да родных мясцін у прапанаванай мастацкай форме, як аматары творчасці, так і прафесійныя літаратары. Больш падрабязную інфармацыю пра конкурс чытайце на нашым сайце: радыё.бел, а мне б хацелася пакуль расказаць, што мы паспелі за гэты час.
Па-першае, дэталёвы аналіз творчай пошты кожнага месяца робіць прафесійнае журы, якое складаецца з дзевяці чалавек. Вынікі абвяшчаюцца ў эфіры літаратурнай праграмы “Творчы вечар” кожны першы чацвер з удзелам пераможцаў і членаў журы, лепшыя творы друкуюцца ў чарговым нумары часопіса “Маладосць”, гучаць ў радыёпраекце “Літаратурны калейдаскоп”. Думаю, на карысць агульнай справе ідуць і тыя майстар-класы ад членаў журы, якія атрымліваюцца падчас эфіру “Творчага вечара”.
Канечне, тэма Радзімы, свайго-радзіннага, тых мясцін, адкуль пачаўся шлях чалавека па зямлі – гэта святое і сакральнае адчуванне для кожнага. Хтосьці нясе яго ў сабе моўчкі, як вельмі дарагі скарб, не жадаючы адкрываць лішні раз на людзі, каб не паменьшала той першароднасці, якая трымае тваю самабытнасць. А камусьці наадварот вельмі хочацца падзяліцца гэтай радасцю любові да свайго бацькоўскага краю, што ён адзіны, такі мілы і непаўторны, ва ўсім свеце. І часцей гэта людзі творчыя. Якраз яны і адгукнуліся на нашу прапанову прыняць удзел у літаратурным конкурсе “Бацькаўшчына светлая мая”, прысвечаным Году малой радзімы.
Нас радуе і той факт, што сярод 154-х удзельнікаў, якія даслалі нам на гэты час 395 сваіх твораў, – школьнікі і студэнты, педагогі і медыкі, бібліятэкары і бізнесмены, хатнія гаспадыні і юрысты, супрацоўнікі самых розных структур, ну і, канечне, прафесійныя літаратары. Такі шырокі спектр аўтараў па роду іх дзейнасці. Самым юным творцам – 11-13 гадоў, самым сталым – больш за 80. Геаграфія лістоў, якія мы атрымалі, таксама прыемна ўражвае. Яны прыходзяць з вёсак і гарадоў усіх шасці абласцей Беларусі, абласных цэнтраў, горада Мінска, сустракаюцца і замежныя адрасанты.
Зразумела, мастацкая якасць такой багатай конкурснай пошты таксама неаднолькавая. Ёсць вельмі арыгінальныя вобразныя творы, ёсць слабейшыя. Але ўсіх вылучае адна бясспрэчная асаблівасць – шчырае памкненне творчай душы выказацца ў прызнанні сваім родным мясцінам. Што да жанравай прыхільнасці нашых канкурсантаў, то вершаў мы атрымліваем значна больш, чым эсэ. Магчыма, для кагосьці гэта больш складаны жанр, і тым не менш – рызыкуйце, пішыце, сэрца само падкажа патрэбныя словы.

…А вакол травіцы роснай рай
І бярозак белая сям’я.
Мой чароўны беларускі край,
Бацькаўшчына светлая мая!

Ці не праўда, так і хочацца зараз ступіць на тыя сцежкі, удыхнуць тое свежае паветра краявідаў, алегорыя якіх так натуральна і звабліва вызначана маладым паэтам Уладзімірам Караткевічам. Падумаць толькі – у 50-я гады мінулага стагоддзя! А здаецца, быццам учора…
Падрабязная інфармацыя пра літаратурны праект-конкурс “Бацькаўшчына светлая мая”, прысвечаны Году малой радзімы, які праводзіць Першы нацыянальны канал Беларускага радыё разам з часопісам “Маладосць”, размешчана на нашым сайце: радыё.бел.
Конкурс працягваецца. Мы чакаем вашых новых допісаў, шаноўныя слухачы, а вынікі за красавік падвядзём у эфіры праграмы “Творчы вечар”. Не прапусціце!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: