
Спадчына розных мастакоў слова скіроўвае нас час ад часу не толькі да рэтраспекцыі іх творчасці, але і разумення той эпохі, калі давялося нарадзіцца і рэалізавацца таленту. Кожны такі лёс, безумоўна, ёсць частка агульнага летапісу краіны.
Пісьменнік, пра якога сёння хацелася б згадаць, мог бы стаць глыбокім і вострым даследчыкам айчыннай літаратуры і гісторыі, але сцвердзіў сябе ў мастацкім слове. Відавочна, што маючы цудоўную філалагічную адукацыю, ён бы выхаваў не адну плеяду годных вучняў, але пакінуў пасля сябе раманы, апавяданні, вершы, п’есы. Цалкам верагодна і тое, што ў яго асобе мы маглі б мець арыгінальнага мастака-графіка, але сёння зачытваемся яго прозай і паэзій. Ва ўсім гэтым – тое, што называюць провідам творчага лёсу. А ён склаўся так, што Уладзімір Караткевіч – прызнаны класік беларускай літаратуры.
І хаця прыйшоў ён у айчыннае прыгожае пісьменства не ў лепшы час – калі адмаўлялася і замоўчвалася роднае, нацыянальнае, панавала так званая “эпоха манкурцтва”, самыя лепшыя радкі і вершам і ў прозе пісьменнік прысвяціў менавіта сваёй зямлі – Беларусі, якую любіў горача і аддана:
Каб плыў судоў уратавальных дым,
А родны край знікаў навекі ў хвалях,
Я б лепей згінуў з ім, з яго апошнім жалем,
Як жыў і мучыўся бязмерна – з ім…
Была, мусіць, нейкая лёсавасць творцы ў тым, што першай і апошняй яго кнігай сталіся менавіта кнігі паэзіі – “Матчына душа” і “Быў. Ёсць. Буду”, што ўспрымаецца сёння як прароцтва, як запавет аўтара нашчадкам. Вершы Караткевіча чыталі яго сучаснікі, сёння ў іх учытваемся мы. Праз нейкі час імі з не меншай цікавасцю, я пераканана, будуць зачытвацца наступныя пакаленні і асэнсоўваць для сябе вечныя паняткі, такія, як Радзіма, каханне, чалавечая годнасць.
Свет шчодры,
Свет мяне паўторыць...
Ну а не свет,
дык Беларусь. –
Мне – досыць...
У гэтых радках пісьменніка – спавядальнасць інтанацыі майстра, які, абагаўляючы сваю Бацькаўшчыну, пакідае спадзеў на заўтрашні дзень. Помніць і любіць – гэта якраз тыя словы, якія чытач забірае з сабою ў кожны дзень свайго жыцця пасля знаёмства з творчасцю Уладзіміра Караткевіча.
Без яго мы не ўяўляем сёння і беларускую гістарычную прозу. А па вялікім рахунку, уся творчасць пісьменніка – мастацкі летапіс нашай гісторыі. “Ён быў сутнасцю Радзімы, як Радзіма была сутнасцю яго”, – вызначыў адзін з калег-літаратараў мастацкае крэда Караткевіча. А да гэтага яшчэ хочацца дадаць, што пісьменнік разбурыў стэрэатып нацыянальнага характару. Яго героі – людзі моцныя, таленавітыя, неардынарныя: Алесь Загорскі, Юрый Гораў, Раман Ракутовіч, Андрэй Грынкевіч, Андрэй Беларэцкі ды іншыя.
Сярод іх асобна стаіць імя беларускага сабрата вядомых літаратурных герояў Ціля Уленшпігеля і Кала Бруньёна – Гервасія Вылівахі з аповесці-прытчы “Ладдзя Роспачы”. Вызваленне асобы “ад путаў сярэднявечча” ў згаданым творы трансфармавалася па-сутнасці ў сучасную легенду пра беларуса гожага, свабодалюбівага і самадастатковага. Які, здавалася б, у самыя безвыходныя хвіліны свайго жыцця, здольны на пераможны ўчынак: “Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, – і тады пераможаш...” Нават Смерць не можа адолець аптыміста і жыццялюба Выліваху. Кветка шыпшыны, якую Гервасій бярэ з сабою ў падземнае царства, як сімвал роднай зямлі, быццам абярэг, таксама надае яму моцы і ўпэўненасці...
Заўтра, 25 ліпеня, – дзень светлай памяці Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча. Прайшло 35 гадоў, як яго не стала. І праз адлегласць расстання яшчэ больш відавочны маштаб зробленага Караткевічам у беларускай літаратуры. Яго спадчына – крыніца разумення і шанавання свайго, крэўнага. Таго глыбіннага і сапраўднага, што падкрэслівае нашу адметнасць, годнасць і шляхетнасць.
Будуць давеку крыніцы на гэтай зямлі,
Будзе давеку наш мужны і мудры, вялікі народ…