Падзяліцца:
“Адлюстраванні. Слова Купалы і архіўны дакумент…” Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
10 снежня 2018
“Адлюстраванні. Слова Купалы і архіўны дакумент…” Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё) Унікальны выставачны праект “Маладая Беларусь: асоба і творчасць Янкі Купалы ў гісторыі краіны” арганізаваны Дзяржаўным літаратурным музеем народнага песняра. Ідэя нарадзілася да гістарычнай даты, 100-годдзя ўтварэння БССР. Партнёры купалаўцаў – Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, мастак – Аляксандр Давідовіч. Слова і архіўны дакумент паядналіся ў канцэптуальным вырашэнні гэтай выставы, якая дае магчымасць па-іншаму паглядзець на жыццё і творчасць Янкі Купалы і яго паплечнікаў у першыя гады новай беларускай дзяржавы. А вобраз “маладой Беларусі” ўзнік значна раней у купалавай творчасці, яшчэ ў “нашаніўскі перыяд”. І аднайменны верш, які сёння добра вядомы кожнаму беларусу, быў надрукаваны ў 1913-м годзе ў трэцім зборніку Купалы “Шляхам жыцця”. Яго можна ўбачыць у ліку выставачных экспанатаў. Падымайся з нізін, сакаліна сям’я, Над крыжамі бацькоў, над нягодамі. Занімай, Беларусь маладая мая, Свой пачэсны пасад між народамі!.. Праўда, у арыгінале першай публікацыі другі і чацвёрты радок завяршальнай страфы гучалі крыху інакш: над крыжамі бацькоў, над курганамі – свой пачэсны пасад між славянамі… Сама гістарычная падзея ўтварэння БССР заспела Янку Купалу ў Смаленску. Тут, 1 студзеня 1919 года, быў прыняты маніфест Часовага рабоча-сялянскага Савецкага ўрада Беларусі, які абвясціў Беларусь “вольнай незалежнай Сацыялістычнай рэспублікай”. Пра гэту знакавую навіну Янку Купалу паведаміў асабіста старшыня ўрада – Зміцер Жылуновіч, якога мы добра ведаем як пісьменніка Цішку Гартнага. 21 студзеня Купала пераязджае на сталае жыхарства ў Мінск, пачынае працаваць у Народным Камісарыяце Асветы, які адказваў за культуру, адукацыю і друк. Сярод паплечнікаў Купалы былі яго даўнія сябры: Змітрок Бядуля, Якуб Колас, Сцяпан Некрашэвіч, Язэп Дыла, Чэслаў Родзевіч, з маладзейшага пакалення – Міхась Чарот, Сцяпан Булат, Іларый Барашка ды іншыя. У экспазіцыі выставы ёсць цікавы архіўны дакумент – “Схема организации Наркомпроса Белоруссии”, які дае ўяўленне аб ўсёй структуры будаўніцтва беларускай культурна-асветніцкай прасторы. А каб яна з’явілася і актыўна запрацавала, спатрэбіліся намаганні вельмі многіх людзей, у тым ліку і пісьменнікаў, якія марылі пра незалежную Беларусь. У 20-я гады ХХ стагоддзя беларуская гісторыя, можна сказаць, на вачах матэрыялізоўвалася ў Беларускую дзяржаўную бібліятэку, універсітэт, музей, архіў, тэатр, Інстытут беларускай культуры, з эвакуацыі быў вернуты педагагічны універсітэт і закладзена сістэма адукацыі. Паўнамоцнае прадстаўніцтва БССР ў Маскве, супрацоўнікамі якога з’яўляліся паэт Уладзімір Дубоўка, Алесь Бурбіс, дапамагала тысячам беларусаў атрымаць звесткі пра сваю малую радзіму, каб вярнуцца дадому. Сярод іх – швагер Янкі Купалы Вінцэнт Станкевіч, што працаваў у аддзеле паліва Наркамасветы і рупіўся пра ацяпленне школ і дзіцячых устаноў, “очагов” – так называліся яны тады, якія арганізоўвала жонка паэта Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. На выставе можна сустрэць такія унікальныя дакументы, як, напрыклад, “Список членов Научной Комиссии по составлению и обработке белорусской терминологии при Научно-Литературном отделе Наркомпросса Белоруссии”, куды уваходзіў Іван Дамінікавіч Луцэвіч, як загадчык літаратурна-мастацкай секцыі, ці “Анкета на дэлегата Ўсебеларускага З’езду Саветаў Б.С.С.Р.”, пазначаная прозвішчам і псеўданімам паэта, альбо зборнік літаратуразнаўчых артыкулаў першага біёграфа Янкі Купалы Льва Клейнбарта “Молодая Белоруссия”, прачытаць аўтограф славутай і такой блізкай усім беларусам “Спадчыны”, пастаяць ля партрэта Купалы, напісанага яшчэ пры яго жыцці мастаком Дзмітрыем Полазавым. Ёсць тут, дарэчы, і такія папулярныя зараз у наведвальнікаў інтэрактыўныя зоны, каб непасрэдна далучыцца да гісторыі і Купалавага слова. Зрэшты, кожны знойдзе штосьці сваё, на чым затрымаецца позірк і ўзрушацца думкі. Бясспрэчна адно – такія выставачныя праекты не толькі пашыраюць наш кругагляд, але надаюць новы імпульс для разваг і ўсведамлення сябе беларусамі…
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: