
Так і хочацца паўтарыць услед за паэтам – нарэшце дачакаліся «бялявага, апранутага ў квітнеючыя сады, мая»! Але ж гэты месяц, такі шчодры на прыродныя фарбы, па якіх засумавала наша душа за доўгую зіму, яшчэ і на рэдкасць асацыятыўны па пражыванні і асэнсаванні тых з’яў і падзей, якія традыцыйна выпадаюць на завяршэнне вясны. І звязваюць кожнага з нас з агульнай гісторыяй краіны.
Пакліч – былое адгукнецца
Жалейкаю за хваіной.
Скраніся – і важкой хадой
Наступнае ў паход кранецца.
Пяройдзе шлях у новы шлях,
Расстанне – ў новае спатканне,
Напеў жалейкі – ў труб гучанне,
Выток жыцця – ў жыцця працяг…
Згаданыя радкі народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова так хораша стасуюцца з майскім настроем, вызначаюць яго глыбіню і філасофію адначас. Мае калегі-журналісты маюць да гэтага вясновага месяца свой сантымент, з ім супадае наша прафесійнае свята. Зразумела, што сённяшні паскораны рытм жыцця не вельмі спрыяе вяртацца «ва ўчора», і тым не менш цяперашнія дні – якраз такая нагода. Не столькі вяртанне, колькі жаданне згадаць з удзячнасцю тых, хто невыпадкова сустрэўся на тваёй творчай дарозе.
Аляксандра Паўлаўна Шлег – ветэран беларускай радыёжурналістыкі, дзякуючы якой так шмат пачаткоўцаў некалі аддана палюбілі сваю прафесію і ўпэўнена пакрочылі далей. Сапраўдны майстра сваёй справы, знаўца мовы, чулая і сардэчная жанчына. Гутаркі з ёй заўсёды прыносілі столькі жыццёвага імпэту, нязмушаных прафесійных падказак, часам нават дробязей, якія па тым часе здаваліся недасягальнай мудрасцю, таму што да ўсяго трэба было дарасці самому. А яна рабіла ўсё проста і з той абаяльнай усмешкай, што прыцягвае да сябе маладыя душы, якім вельмі хочацца спазнаць сапраўдную сутнасць аднойчы абранай прафесіі…
Маргарыта Канстанцінаўна Старых усё жыццё працавала ў друкаваных сродках масавай інфармацыі, была культурным аглядальнікам і пісала такія цудоўныя артыкулы, нарысы, рэцэнзіі. Яе адносіны да працы здзіўлялі сваёй суперадказнасцю, уменнем сканцэнтравацца на самым галоўным. Я пазнаёмілася з ёй яшчэ студэнткай пятага курса журфака, Маргарыта Канстанцінаўна была кіраўніком маёй пераддыпломнай практыкі. Вытанчаны густ, тактоўнасць, веданне глыбінь прафесіі настолькі арганічна складалі яе сутнасць, што хацелася слухаць яе, размаўляць з ёю, і нават часам раіцца па якіхсьці спрэчных пытаннях. Яна ўмела шчыра радавацца поспеху маладзейшых калег. І за гэта многія б сказалі ёй сёння «дзякуй»!
Уладзімір Міхайлавіч Юрэвіч, у лёсе якога шчасліва перапляліся літаратурная і радыйная сцяжыны, і каго лічаць сваім настаўнікам шмат хто з сучасных беларускіх творцаў. Уладзімір Міхайлавіч 15 гадоў працаваў дыктарам Беларускага радыё, у ваенны час – на радыёстанцыі «Савецкая Беларусь», з 1948-га па 1954-ы загадваў аддзелам літаратурна-драматычнага вяшчання. З 1963-га, амаль 40 гадоў, вёў радыёклуб «Жывое слова» – праграму, якая вучыла слухачоў шанаванню і любові да роднай мовы. Яго непаўторны голас стаўся сімвалам Беларускага радыё, высокай культуры маўлення, прыгажосці беларускай мовы.
У канцы 90-х гадоў мне пашчасціла супольна працаваць з Уладзімірам Міхайлавічам, я была рэдактарам радыёклуба «Жывое слова». Цудоўна помню тыя сустрэчы, калі ён прыходзіў да нас у рэдакцыю на запіс праграмы альбо прыносіў чарговы сцэнарый ці забіраў новыя лісты радыёслухачоў. І абавязкова – гутарка ў кабінеце пра літаратуру, мову, успаміны з ранейшага яго жыцця. Калі ён ішоў па калідоры Дома радыё ў студыю, з ім віталіся, спынялі, усім хацелася перакінуцца хаця б словам. Чалавек выключнай выхаванасці і прыроджанай інтэлігентнасці, Уладзімір Міхайлавіч сваёй энергіяй мацаваў душы многіх творчых людзей, асабліва моладзі, якой было чаму павучыцца ў майстра…
Напісала гэты «Радыёблог» і раптам падумала пра тое, як шчасціла мне на цудоўных людзей, якія ў сваім жыцці аддана служылі слову, і якіх можна яшчэ згадваць і згадваць. Яны ўсе рабілі сваю справу годна і немітусліва. Плён гэтай працы застаўся. Нам яго несці ў заўтрашні дзень.