У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрыта часовая літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Таямніцы дзеда Кандрата», якая прысвечана 100-годдзю пачатку творчай дзейнасці народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы.
Бліскучы паэт-сатырык, выдатны драматург, выключны мовазнаўца – калі б ён напісаў толькі адну сваю камедыю “Хто смяецца апошнім”, і гэтага б хапіла, каб застацца ў гісторыі беларускай літаратуры. Выкрывальнік заган чалавечага жыцця сатырычным смехам, а часам і мяккім гумарам, Крапіва пакінуў нам у спадчыну творы, як кажуць, “навыраст”. Яны – быццам лекі ад агульных хвароб грамадства на розных этапах гісторыі. Яго доўгажыхарства, а пражыў Кандрат Кандратавіч амаль 95 гадоў, даследчыкі звязваюць з эстэтычным крэда пісьменніка, галоўнай зброяй якога быў менавіта смех. Ну, а пачаткам творчай дарогі класіка метафарычна лічыцца яго верш “Крапіва”, датаваны 1922-м годам. Сам ён некалі падкрэсліваў, што “канчаткова знайшоў сябе толькі тады, калі пачаў пісаць па-беларуску…”.
Адразу хачу сказаць, што выстава ўражвае сваім маштабам і змястоўнасцю. Экспазіцыя складаецца з сямі раздзелаў: “Жыццёвыя ўніверсітэты Кандрата Атраховіча”, “Пісьменніцкія прыступкі Кандрата Крапівы”, “Выпрабаванне агнём”, “Кандрат Крапіва – вядомы вучоны і грамадскі дзеяч”, “Бацька беларускай байкі і майстар сатырычнай прозы”, “Майстэрства Крапівы-драматурга”, “Загадкі дзеда Кандрата”. У кожным з тэматычных стэндаў – безліч цікавейшых памятак жыцця пісьменніка: рэдкія выданні яго кніг, аўтографы, дакументы, фотаздымкі розных гадоў, тэатральныя праграмы спектаклей паводле п’ес, унікальны набор шахмат (як вядома, Кандрат Кандратавіч быў заўзятым аматарам-шахматыстам!), асабістыя рэчы ды шмат іншага. Усе прадметы пададзены ў храналагічным парадку і кожны з іх – аб’ект напоўненай эмацыйнай і гістарычнай інфармацыі. Частка матэрыялаў экспануецца ўпершыню, з сямейнага архіва.
Апошні раздзел выставы мае агульную назву з апошняй кнігай Крапівы “Загадкі дзеда Кандрата”, што адрасавана дзеткам-беларусам. І тут ёсць свая кранальная гісторыя. Гэтая кніга была напісана дзякуючы яго праўнучцы Варвары, якая ў дзяцінстве вельмі любіла гуляць са сваім прадзедам у словы. Так у пісьменніка нарадзілася ідэя напісаць дзіцячую кнігу філалагічных загадак-амонімаў, якая выйшла ў 1986-м годзе. Дарэчы, паводле гэтага выдання для маленькіх наведвальнікаў выставы сумесна з праектам “Скарбонка гульняў” распрацаваны інтэрактыўны дадатак – настольная гульня “Загадкі дзеда Кандрата”. Так што ўсе жадаючыя могуць праверыць свае веды ў беларускіх “двухаблічных словах”.
Чуйце, хлопчыкі, дзяўчаткі!
Прапаную вам загадкі
Для гульні цікавай, новай –
Трэніроўкі разумовай.
Як з людзьмі гамонім мы,
Чуюцца амонімы –
Словы двухаблічныя,
Не для ўсіх прывычныя.
Як іх разгадаеце,
Вестачку мне дайце –
Я сардэчна буду рад.
З прывітаннем,
Дзед Кандрат.
І яшчэ. Хацелася б падкрэсліць, што апошнім часам у музейшчыкаў склалася добрая традыцыя падтрымліваць калег у арганізацыі такіх маштабных выставачных праектаў. Літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Таямніцы дзеда Кандрата” рэалізавана не толькі паводле ўласных фондаў музея гісторыі беларускай літаратуры, але і пры ўдзеле Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, філіяла “Музей тэатральнай і музычнай культуры” Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Таксама тут прадстаўлены копіі дакументаў, што захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь і ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Куратар выставы – Святлана Кажамяка, мастак – Генадзь Чысты.
Выставачны праект “Таямніцы дзеда Кандрата” доўгатэрміновы і будзе працаваць у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры да канца сёлетняга года. У вас, шаноўныя слухачы, ёсць дастаткова часу, каб паспець яго паглядзець. Упэўнена, не пашкадуеце!