
Колькі спавядальных слоў адыходзячаму году было ўжо сказана, а яшчэ больш прагучыць іх у апошнія дні снежня! Яно і не дзіўна! Мы пасталелі на адзін пражыты год, мы паспелі зрабіць штосьці важнае для сябе і сваіх блізкіх, мы дачакаліся патрэбных нам добрых і радасных навін. Мы ішлі насустрач жыццю, і яно аддзячыла за нашу руплівасць і працу. Вось такі амаль ідэальны варыянт намаляваўся адразу, хаця на самой справе бывае, вядома, па-рознаму. І чалавеку псуюць настрой няспраўджаныя жаданні ды іншыя перыпетыі жыцця, якія не заўсёды хоча прымаць душа. Праўда, многае залежыць і ад нас саміх, і добра, калі такі разумны баланс усведамлення ўласнай адказнасці за свой лёс дазваляе чалавеку паспяхова ісці наперад. Важна не губляць надзеі і той здаровай упэўненасці ў сабе, якая часам робіць цуды і не толькі пад Новы год.
Аднак жа хацелася б згадаць і пра іншае. У нашым выпадку – літаратурныя эфірныя сустрэчы-2019. І тыя цікавыя рэзанансныя падзеі, якія адгукнуліся хвалюючай нотай для многіх.
На працягу цэлага года доўжыўся сумесны праект-конкурс Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і часопіса “Маладосць” “Бацькаўшчына светлая мая”, прысвечаны Году малой радзімы, у дзвюх намінацыях “Паэзія” і “Эсэ”. Гэтая творчая ініцыятыва па-добраму справакавала багатую конкурсную пошту – мы атрымалі амаль 900 твораў. Штомесячна прафесійнае журы ў складзе 9-ці чалавек падводзіла вынікі, якія абвяшчаліся ў эфіры праграмы “Творчы вечар”, і лепшыя творы друкаваліся ў часопісе “Маладосць”. У фінал выйшлі 72 канкурсанты. Шэсць з іх узнагароджаны Дыпломамі лаўрэатаў за 1-е месца, восем – за 2-е, дзесяць – за 3-е. Спецыяльнымі дыпломамі ў розных намінацыях адзначаны 11 чалавек, 38 атрымалі Дыпломы фіналістаў.
У Вялікай студыі Дома радыё адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў, якія прыехалі да нас з усёй Беларусі! Якая гэта была душэўная атмасфера! Колькі шчаслівых усмешак, цёплых слоў і шчырых пажаданняў вітала ў той святочны вечар! Такія натуральныя і адкрытыя эмоцыі нашых гасцей яшчэ раз пераканалі ў думцы, наколькі важнай і своечасовай была сама ідэя правядзення такога конкурсу. Тэма радзімы, свайго-радзіннага, тых мясцін, адкуль пачаўся шлях чалавека па зямлі – гэта святое і сакральнае адчуванне для кожнага з нас. Як справядліва заўважыў старшыня журы, вядомы паэт Мікола Мятліцкі: “Наколькі таленавітая душа беларускага народа, колькі ў ёй глыбіні і прасветленасці!..”
Хацелася б згадаць сёння і пра такую важную эфірную падзею адыходзячага года, як прэм’ера радыёспектакля ў трох частках “Воўчая зграя” паводле аднайменнай аповесці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Яна была падрыхтавана на Першым нацыянальным да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 95-годдзя з дня нараджэння Васіля Быкава. Яшчэ адна драматычная гісторыя праўды мінулай вайны пераказана слухачу ў мастацкім пастановачным жанры. Над увасабленнем гэтага праекта працавала вялікая творчая група. Высокая адказнасць за справу, пранікненне ў глыбіню быкаўскай прозы, адчуванне ўласнай далучанасці да гісторыі – вось тыя галоўныя складнікі, якія стваралі атмасферу працы ў студыі падчас запісу радыёспектакля. У аснове сюжэта – лёс маладога партызана Ляўчука, які ў ходзе карніцкіх аперацый, сам паранены, выратоўвае жыццё нованароджанаму хлопчыку. Яны сустрэнуцца толькі праз 30 гадоў пасля Перамогі.
“Думаю, усе, хто слухаў радыёспектакль “Воўчая зграя”, застаўся вам удзячны за тое, што вы дакрануліся да Вялікай прозы Вялікага пісьменніка Васіля Быкава, – напісала нам мінчанка Марына Іванаўна Арочка. – Праз выдатнае выкананне артыстамі роляў герояў аповесці яшчэ больш абвострана ўспрымаеш усю трагедыю вайны, якую прыйшлося перажыць беларускаму народу… Але жыццё перамагае!”
А я хачу яшчэ раз падкрэсліць, што ўсе нашы справы, якія мы робім штодня, яны таксама ў імя жыцця: светлага, шчаслівага, напоўненага сэнсам і высокімі духоўнымі памкненнямі. Пра тое ж нагадвае нам і сённяшняе свята Божага Нараджэння, якое нясе кожнаму любоў і радасць, веру і спадзяванне!