Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Уславіць сваё, роднае…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
11 лістапада 2019
«Адлюстраванні. Уславіць сваё, роднае…» Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё) Сёлета пачатак новага вяшчальнага сезону набыў асаблівы святочны акорд - падведзены вынікі літаратурнага праекта-конкурсу «Бацькаўшчына светлая мая», прысвечанага Году малой радзімы, які з кастрычніка 2018-га года па верасень 2019-га праводзіў Першы нацыянальны канал Беларускага радыё разам з часопісам «Маладосць». Паводле Палажэння, заяўкі прымаліся па дзвюх намінацыях – «Паэзія» і «Эсэ», у трох узроставых катэгорыях – да 16 гадоў, ад 16 да 35 і 35+, на дзвюх мовах – беларускай і рускай. Тэма радзімы, свайго-радзіннага, тых мясцін, адкуль пачаўся шлях чалавека па зямлі – гэта святое і сакральнае адчуванне для кожнага з нас. І мы ў гэтым яшчэ раз пераканаліся, дзякуючы таму творчаму марафону, які доўжыўся цэлы год на хвалях Беларускага радыё і старонках часопіса «Маладосць». За гэты час мы атрымалі 868 твораў ад 346 аўтараў. Штомесячна прафесійнае журы ў складзе 9-ці чалавек падводзіла вынікі, якія абвяшчаліся ў эфіры праграмы «Творчы вечар», і лепшыя творы на працягу года друкаваліся ў часопісе «Маладосць». У фінал выйшлі 72 канкурсанты. Шэсць з іх узнагароджаны Дыпломамі лаўрэатаў за 1-е месца, восем – за 2-е, дзесяць – за трэцяе, Спецыяльнымі дыпломамі ў розных намінацыях адзначаны 11 чалавек, 38 атрымалі Дыпломы фіналістаў. У Вялікай студыі Дома радыё адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў, якія прыехалі да нас з усёй Беларусі! Якая гэта была душэўная атмасфера! Колькі шчаслівых усмешак, цёплых слоў і шчырых пажаданняў вітала ў той лістападаўскі вечар ў радыйнай студыі! Такія натуральныя і адкрытыя эмоцыі нашых гасцей яшчэ раз пераканалі ў думцы, наколькі важнай і своечасовай была сама ідэя правядзення такога конкурсу. «Дзякуй за свята, якое працягвалася цэлы год, дзякуй за вашы душы, за вашы вочы, вы ўсе – проста родныя», – гэта словы Таццяны Луткоўскай з Расон. А Надзея Літвінюк з вёскі Велікарыта Маларыцкага раёна адзначыла: «Тэма конкурсу настолькі кранальная, што душа перапаўнялася і так шмат хацелася сказаць». Кацярына Янчэўская з Ліды параўнала свой удзел у конкурсе з «брамай жыцця, брамай выратавання». Вольга Кавальчук з Брэста з хваляваннем прызналася: «Я нарадзілася не ў Беларусі, я нарадзілася ў стэпавым Казахстане, але маё сэрца належыць гэтай краіне, належыць Беларусі». Святлана Якубоўская з Лепеля падкрэсліла: «Конкурс «Бацькаўшчына светлая мая» быў проста неабходны ў Год малой радзімы, гэта была выдатная магчымасць уславіць той куточак зямлі, дзе мы нарадзіліся і адкуль пайшлі ў свет…» Падчас святочнай імпрэзы мы пачулі шмат цікавых экспромтаў, новых вершаў, напісаных літаральна напярэдадні сустрэчы. Імі парадавалі і Мікалай Салаўцоў з Чавусаў, і Таццяна Цвірка з Клецка, і Валянціна Бабко-Аляшкевіч з вёскі Радкава Салігорскага раёна ды іншыя. І так натуральна прагучалі ў гэтай творчай еднасці словы Аляксандра Матошкі з вёскі Янкавічы Расонскага раёна: «Я далучаюся сваім сэрцам да вашых сэрцаў, да вашых думак, да вашых памкненняў – мы адна сям’я». А Яўгенія Якута са Шчучына, якая не змагла прыехаць на свята, даслала аўдыявіншаванне і прывітанне ўсім удзельнікам ўрачыстасці. Як тут не пагадзіцца са словамі старшыні журы паэта Міколы Мятліцкага: «Наколькі таленавітая душа беларускага народа, колькі ў ёй глыбіні і прасветленасці…» А яшчэ многія з любоўю і ўдзячнасцю згадвалі імя Уладзіміра Караткевіч, радок якога «Бацькаўшчына светлая мая» стаўся метафарай конкурсу. Як сказала Таццяна Каленік з Мінска: «Конкурс прайшоў пад крыламі Караткевіча, мне здаецца ён над намі, усё чуе, усё бачыць і радуецца за ўсіх нас», а Дзмітрый Юртаеў цудоўна выканаў знакаміты верш пісьменніка «Заяц варыць піва». Я наўмысна скарыстала ў сённяшнім «Радыёблогу» столькі цытат нашых гасцей. Думаю, гэта стварыла атмасферу таго святочнага вечара, яго непадробленасць і вартасць. Шмат цікавых думак выказалі і члены журы. Усе, дарэчы, сыйшліся ў адным – трэба працягваць падобныя праекты. Час падкажа новыя ідэі, а пакуль творы нашых пераможцаў будуць гучаць у літаратурна-мастацкіх праграмах Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, мы абавязкова арганізуем сустрэчы з імі ў нашым эфіры, адным словам – творчае сяброўства будзе доўжыцца! Тым больш, што яно народжана высокай энергіяй таленту і цеплынёй беларускай душы.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: