
Роўна год таму, такім жа спякотным чэрвеньскім днём, беларуская грамадскасць развіталася з вядомым навукоўцам, членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктарам філалагічных навук, прафесарам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі Міхасём Іосіфавічам Мушынскім. Завяршэнне зямнога шляху чалавека – гэта кожны раз выклік самой прыродзе, што стварыла яго менавіта такім. І вечнае пытанне для людзей пра сэнс жыцця і яго вартасці, якое кожны раз абвастраецца, калі сыходзяць твае знаёмыя ці блізкія. А яшчэ адчуванне паскоранасці часу, які няўмольна паглынае нашы справы, задумы, эмоцыі і пачуцці. Застаецца толькі рэальна зробленае, бачнае якраз той часткай айсбергу, што над вадой. Усё астатняе, я б сказала, рэфлексіі – не болей…
Міхася Іосіфавіча Мушынскага яшчэ пры жыцці называлі падзвіжнікам беларускай навукі. Дарэчы, адна з яго кніг мае назву “Падзвіжнік з Малой Багацькаўкі”, яна прысвечана класіку беларускай літаратуры Максіму Гарэцкаму, жыццё і творчасць якога скрупулёзна і глыбока вывучалася даследчыкам многія гады. Не менш турбаваў яго і лёс рэпрасаванага пісьменніка Міхася Зарэцкага, пра якога выдадзена таксама цудоўная манаграфія «Нескароны талент: Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці». Гэтыя дзве грунтоўныя працы спецыялісты лічаць «якасна новым этапам у развіцці беларускага літаратуразнаўства».
На працягу амаль чвэрці стагоддзя Міхась Мушынскі працаваў загадчыкам аддзела выданняў і тэксталогіі Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле ажыццяўлялася падрыхтоўка Збору твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, Змітрака Бядулі, Міхася Зарэцкага, Кузьмы Чорнага, Івана Мележа ды іншых класікаў беларускай літаратуры.
Міхась Мушынскі прызнаны самым аўтарытэтным у Беларусі коласазнаўцам. Менавіта «Новай зямлі» і «Сымону-музыку», гэтым знакавым паэмам Якуба Коласа, была прысвечана яго першая літаратуразнаўчая кніга, якая выйшла ў сярэдзіне 60-х гадоў мінулага стагоддзя. А «Летапіс жыцця і творчасці Якуба Коласа» – гэта найгрунтоўнейшае даследаванне вучонага, якое па сутнасці сталася вынікам працы на працягу цэлага жыцця. Ён быў ініцыятарам і адным з заснавальнікаў навуковай канферэнцыі «Каласавіны», якая штогод праходзіць у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, і па выніках працы якой ім таксама была выдадзена ў 2010-м годзе унікальная кніга «Мае Каласавіны».
Можна шмат гаварыць сёння пра тую багатую спадчыну, якую пакінуў Міхась Мушынскі, як літаратуразнаўца і крытык. А яшчэ ім па сутнасці заснавана новая школа беларускага літаратуразнаўства, якую ёсць каму працягваць. Шмат філалагічнай моладзі атрымала ў свой час строгае і мудрае блаславенне ад свайго настаўніка. Маштаб асобы вывяраецца, дарэчы, і гэтым таксама – уменнем і жаданнем кантактаваць з калегамі, падтрымліваць іх пачынанні.
Хачу згадаць і той факт, што Міхась Іосіфавіч Мушынскі доўга і актыўна супрацоўнічаў з Беларускім радыё. Ён не шкадаваў для гэтага свайго часу, ведаючы пра вялікую колькасць слухацкай аудыторыі. Яго важкае слова даследчыка можна было пачуць у розных літаратурных радыёпраектах. Помню, у 90-я гады ён вельмі актыўна падтрымаў ідэю маёй праграмы «Нанава», у якой, па-сутнасці, беларуская класіка перачытвалася па-новаму. І Міхась Іосіфавіч прапанаваў тады шмат цікавых тэм паводле творчасці розных аўтараў – па адной толькі паэме «Новая зямля» Якуба Коласа было падрыхтавана некалькі цудоўных эфіраў. Шмат незабыўных літаратуразнаўчых сустрэч з Міхасём Іосіфавічам адбылося і ў радыёпраграмах «Дыялог над разгорнутай кнігай», «Дыярыуш», «Нам засталася спадчына». Ён быў удумлівым і грунтоўным субяседнікам, з якім ля мікрафона пачуваешся лёгка і нязмушана, таму што ёсць адкрытасць і даверлівасць.
Помню, у 2010-м годзе, да юбілею Беларускага радыё, мы ладзілі літаратурную імпрэзу ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Міхась Іосіфавіч не змог прыйсці на тую ўрачыстую сустрэчу, але перадаў нам ліст «Прывітальнае слова да журналістаў Беларускага радыё ў сувязі з яго 85-годдзем». Я думаю зараз будзе дарэчы працытаваць тыя радкі: «Дарагія сябры! У дзень вашага вялікага свята маю гонар выказаць вам шчырую, сардэчную падзяку за вашу неспакойную, поўную турботаў і хваляванняў, але такую патрэбную, высакародную працу – штодзённа, без стомы і нараканняў несці слухачам словы дабрыні і любові да чалавека, словы гонару за цярплівы, моцны целам і духам шматпакутны беларускі народ, за родны край, такі прыгожы ў чароўнай красе і непаўторнасці.
Хай жа і надалей кранальнае, адухоўленае слова далятае да слыху кожнага асобнага слухача і ўсёй людской супольнасці, хай выхоўвае мудрасць, абуджае прагу жыцця, прагу справядлівасці. Хай ваша жыццядайнае слова ўмацоўвае сілы ўсіх шчырых, самаадданых будаўнікоў Беларускага нацыянальнага Дому». І подпіс: Ваш даўні і надзейны сябра – Міхась Мушынскі, 11 лістапада 2010 года.
Вялікая праўда ў тым, што калі чалавек сыходзіць у высокія нябёсы, па-іншаму гучаць яго словы і пажаданні. У згаданых мною радках светлай памяці Міхася Іосіфавіча Мушынскага можна расчытаць і крэда самога вучонага, якім ён кіраваўся на працягу свайго жыцця. Таму і застаўся такі багаты скарб зробленага ім у беларускай навуцы і высокі сэнс пражытых гадоў.