
Першы нацыянальны канал Беларускага радыё разам з часопісам «Маладосць» завяршыў у верасні літаратурны праект-конкурс «Бацькаўшчына светлая мая», прысвечаны Году малой радзімы. Гэтая творчая ініцыятыва дала магчымасць нашым слухачам і чытачам выказаць любоў да роднай зямлі, паказаць яе прыгажосць, гісторыю, культуру ў мастацкай форме: вобразна, шчыра, сардэчна.
Конкурс праводзіўся ў дзвюх намінацыях «Паэзія» і «Эсэ», вызначаліся тры ўзроставыя катэгорыі ўдзельнікаў: да 16 гадоў, ад 16-ці да 35-ці, ад 35-ці і старэйшыя, сярод іх – і аматары творчасці, і прафесійныя літаратары. Нас, як арганізатараў, сапраўды, вельмі парадавала тое, што сама ідэя была адразу пачута і падхоплена слухачамі Першага нацыянальнага і чытачамі часопіса «Маладосць».
За адзінаццаць конкурсных месяцаў мы атрымалі 740 твораў ад 306 аўтараў. Сярод іх – школьнікі і студэнты, настаўнікі і медыкі, бібліятэкары і бізнесмены, хатнія гаспадыні і юрысты, супрацоўнікі самых розных структур, ну і, канечне, прафесійныя літаратары. Самым юным, дарэчы, – 11-13 гадоў, самым сталым – больш за 80. Геаграфія лістоў, якія нам дасылаліся, таксама прыемна ўражвае. Яны прыходзілі з вёсак і аграгарадкоў, пасёлкаў і гарадоў усіх шасці абласцей Беларусі, а таксама з абласных цэнтраў, горада Мінска, часта сустракаліся і замежныя адрасанты.
Дэталёвы аналіз творчай пошты кожнага месяца рабіла прафесійнае журы, якое складаецца з дзевяці чалавек. Вынікі абвяшчаліся ў эфіры літаратурнай праграмы “Творчы вечар” з удзелам пераможцаў і членаў журы, лепшыя творы друкаваліся ў чарговым нумары часопіса “Маладосць”, гучалі ў радыёпраекце “Літаратурны калейдаскоп”. Думаю, на карысць агульнай справе пайшлі і тыя майстар-класы ад членаў журы, якія адбываліся падчас эфіру “Творчага вечара”.
А назвалі мы наш конкурс радком з вядомага верша Уладзіміра Караткевіча “Бацькаўшчына”, які ўвайшоў у першы паэтычны зборнік пісьменніка “Матчына душа”. Нагадаю фінальную страфу:
А вакол травіцы роснай рай
І бярозак белая сям’я.
Мой чароўны беларускі край,
Бацькаўшчына светлая мая!
Ці не праўда, так і хочацца зараз прайсціся тымі мілымі сцежкамі дзяцінства, удыхнуць свежае паветра дзівосных краявідаў, алегорыя якіх так натуральна і звабліва вызначана маладым паэтам Караткевічам. Падумаць толькі – у 50-я гады мінулага стагоддзя! А здаецца, быццам учора…
Мы вырашылі, што якраз гэты радок “Бацькаўшчына светлая мая”, як метафара абвешчанага літаратурнага конкурсу, пакліча новых аўтараў на сённяшнія споведзі і прызнанні ў любові бацькоўскаму краю. І не памыліліся.
Тэма радзімы, свайго-радзіннага, тых мясцін, адкуль пачаўся шлях чалавека па зямлі – гэта святое і сакральнае адчуванне для кожнага. Хтосьці нясе яго ў сабе моўчкі, як вельмі дарагі скарб, не жадаючы адкрываць лішні раз на людзі, каб не паменьшала той першароднасці, якая трымае тваю самабытнасць. А камусьці наадварот вельмі хочацца падзяліцца гэтай радасцю любові да свайго бацькоўскага краю, што ён адзін такі мілы і непаўторны ва ўсім свеце. І часцей гэта людзі творчыя. Якраз яны і адгукнуліся на нашу прапанову прыняць удзел у літаратурным конкурсе «Бацькаўшчына светлая мая», прысвечаным Году малой радзімы.
Наперадзе ў нас – конкурснае завяршэнне верасня. А вынікі года будуць абвешчаны напрыканцы кастрычніка. Пераможцамі стануць аўтары найлепшых тэкстаў, якія адбярэ прафесійнае журы (па тры ў кожнай з намінацый). Узнагароджванне адбудзецца падчас урачыстай цырымоніі ў Вялікай студыі Дома радыё з запісам праграмы «Творчы вечар».