Падзяліцца:
«Адлюстраванні. Зорка Максіма». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё)
9 снежня 2019
«Адлюстраванні. Зорка Максіма». Радыёблог Галіны Шаблінскай (аўдыё) 9 снежня – Дзень народзінаў Максіма Багдановіча. Маладосць і геніяльнасць – якраз тыя дзве дамінанты, што вызначаюць творчы лёс класіка беларускай літаратуры. А жыццё ўнесла сваю трагічную ноту – невылечная хвароба скараціла зямны век Максіма-кніжніка, беларускага Страцім-лебедзя на самым яго ўзлёце. Для ўсіх нас ён назаўсёды застаўся маладым, прыгожым, рамантычным. Часта гучыць справядлівае шкадаванне, калі б Багдановіч пражыў больш – якую б спадчыну мы сёння мелі! Праўда, класічнае вызначэнне «засталася спадчына» кожны раз выклікае ўнутранае пярэчанне, калі думаеш пра пісьменнікаў, чый зямны век абарваўся заўчасна. І слова, таленавітае і глыбокае, засталося толькі ў тых радках, якія аўтар паспеў спраўдзіць. А іх магло быць значна больш і пасля, у сталым веку, які па-іншаму адкрывае творцу. Аднак жа лёс не пытаецца, ён дае чалавеку роўна столькі, колькі наканавана. Пра нелітасцівасць лёсу ў адносінах да Багдановіча ведае кожны, каго цікавіць літаратура і гісторыя. Сярод багдановічазнаўцаў сфармавалася такая думка, што страта маці ў раннім узросце была для Максіма стратай Радзімы. Наўпростава так яно і атрымалася, бо потым сям’я пераязджае з Гародні ў Ніжні Ноўгарад. Рэальнае вяртанне ў Беларусь для паэта стане эпізадычным, але творчасць будзе прысвечана менавіта радзіме. Вобраз маці і самых светлых дзіцячых успамінаў пра яе таксама застанецца ў яго творах, трансфармуецца ў метафары і сімвалы. Мадонна, маці будзе для яго найвышэйшым ідэалам жанчыны. У ёй канцэнтруецца ўся пяшчота, любоў і ласка. Мінск, Гародня, вёска Ракуцёўшчына Маладзечанскага раёна помняць Максіма. У Ракуцёўшчыну ён прыехаў летам 1911 года з Вільні, па рэкамендацыі «нашаніўца» Антона Луцкевіча, да яго роднага дзядзькі Вацлава Лычкоўскага. У гэтай старасвецкай ваколіцы Максім правёў 2 цудоўных месяцы свайго жыцця: плённых на ўражанні, прыгажосць і творчасць. Пасля літаратуразнаўцы назавуць гэты час Ракуцёўскім летам паэта. Цяпер тут у апошнюю нядзелю ліпеня традыцыйна ладзіцца свята паэзіі і песні, якое збірае шматлікіх прыхільнікаў Багдановічавай спадчыны. У Траецкім прадмесце сталіцы працуе Літаратурны музей Максіма Багдановіча, дзе сабраны фонд унікальных матэрыялаў пра жыццё і творчасць паэта. Новая экспазіцыя з выкарыстаннем сучасных тэхналогій дазваляе наведвальніку прайсці разам з Максімам яго зямнымі шляхамі, далучыцца да загадкі Багдановіча праз музейныя экспанаты. Яны перадаюць жывое дыханне часу і набліжаюць постаць паэта, робяць яго зямным і нават у чымсьці безабаронным. Так знікае мяжа паміж геніем і чалавекам, застаецца разуменне творчай наканаванасці Асобы. Дарэчы, тут, у літаратурным доме паэта, заўсёды шмат моладзі. Праводзяцца цікавыя творчыя імпрэзы, прэзентуюцца новыя праекты, у тым ліку – і першыя кнігі маладых аўтараў. Зорка Максіма прыцягвае юныя душы, даючы спадзеў на працяг іх уласнай творчасці. На месцы дома сям’і Багдановічаў, дзе нарадзіўся Максім, усталяваны сучасны мемарыяльны знак у дворыку былой вуліцы Аляксандраўскай, якая цяпер названа імем Багдановіча. А насупраць, ля Вялікага тэатра оперы і балета – помнік Паэту, які, здаецца, якраз і глядзіць туды, у бок роднага дома… Вядома, сёння ў Дзень народзінаў Максіма Багдановіча, Літаратурны музей класіка прапануе для нас шэраг цікавых сустрэч: адкрыццё выставы з загадкавай назвай «КП-2019», куратарскую экскурсію, музычную праграму на вершы беларускіх паэтаў. Але, напэўна, самая сакральная традыцыя – ускладанне кветак Паэту да яго помніка. Дарэчы, да яе можна далучыцца і самастойна, на працягу цэлага дня, калі душа патрабуе такога важнага сумоўя…
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: