Падзяліцца:
Афіша «Тэатра Беларускага радыё» – «Тыдзень памяці» да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – з 1 па 7 ліпеня 2024 г.
1 ліпеня 2024
Афіша «Тэатра Беларускага радыё» – «Тыдзень памяці» да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – з 1 па 7 ліпеня 2024 г.

Гэтымі ліпеньскімі днямі мы ўсё часцей згадваем тую дату, якая для нас з’яўляецца сімвалічным водападзелам паміж жыццём і смерцю, свабодай і нявольніцтвам. 80-я гадавіна вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вяртае нас да мінулых суровых падзей, будзіць сумленне, а яшчэ спараджае шчырыя дыялогі альбо ціхі невыказны сум. Ён генетычна ўласцівы беларусам, бо мы на той страшнай вайне згубілі кожнага трэцяга жыхара нашай краіны, і ў кожным беларускім родзе свой досвед вайны.

У фондах Беларускага радыё захоўваецца шмат радыёспектаклей і пастановак паводле мастацкіх твораў пра Вялікую Айчынную вайну. І ў гэтым «ваенным радыёлетапісе» можна знасці імёны многіх беларускіх класікаў: І.Мележа і В.Быкава, І.Шамякіна і А.Адамовіча, К.Губарэвіча і І.Чыгрынава, М.Стральцова і А.Дударава. Спіс можна працягваць. Варта проста ўсвядоміць натуральнасць гэтай тэмы для розных пакаленняў творцаў.

Вядомая ісціна – гісторыя паўтараецца тады, калі чалавецтва забывае пра мінулае. Ну а душа чалавека ратуецца памяццю. Дзеля гэтага варта і чытаць, і слухаць лепшыя мастацкія творы «ваеннага летапісу».

На працягу «Тыдня памяці» ў «Тэатры Беларускага радыё» прагучаць:

1-2 ліпеня – радыёпастаноўка «Васіль Корж» па аднайменнай п’есе пісьменніка Сяргея Грахоўскага.

3 ліпеня – Прэм'ера! Радыёспектакль «Сустрэча з чалавекам» паводле апавядання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі пісьменніка Барыса Сачанкі.

4-7 ліпеня – радыёспектакль «Мінскі напрамак» паводле аднайменнага рамана народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа, які прысвечаны падзеям вызвалення Беларусі ў 1944-м годзе.

«Тэатр Беларускага радыё» у эфіры кожны вечар з 22.05 да 23.00 (і пасля апоўначы – з 2.05 да 3.00).

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: