На працягу тыдня з 19 па 24 снежня ў «Тэатры Беларускага радыё» – «Юбілейны тыдзень» лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі пісьменніцы Алены Васілевіч да 100-годдзя з дня нараджэння.
Над увасабленнем твораў Алены Васілевіч у жанрах пастановачнага вяшчання працавалі розныя рэжысёры: Таццяна Аляксеева, Ігар Лапцінскі, Соф’я Гурыч, Валянціна Кернажыцкая. Цікавасць да яе творчасці была выклікана тымі маральнымі дамінантамі, якія заўсёдна знойдзеш у кнігах пісьменніцы. Героі Васілевіч у сваіх духоўных пошуках, марах і спадзяваннях часам нагадваюць нам пра нас. І як бы прапануюць дыялог пра самыя важныя жыццёвыя каштоўнасці.
Крытык Ала Сямёнава ў прадмове да выдання выбраных твораў пісьменніцы Алены Васілевіч ў вядомай серыі «Беларускі кнігазбор» слушна зазначае: «Алене Васілевіч не ўласцівае захапленне падрабязнасцямі – не таму, што матэрыяльныя рэаліі жыцця ёй чужыя, яны прысутнічаюць, і дастаткова адчувальна. Аднак пісьменніцу больш цікавіць аўра матэрыі, псіхафізічны стан, што адухаўляе наша быццё, стварае яго настрой, вызначае яго танальнасць. Калі выяўляюцца характары і адметнасці асобы, калі дэталі высвечваюць трагіфарсы, трагікамедыі, драмы нашага жыцця… Свет прозы Алены Васілевіч нехрэстаматыйны, яркі, дынамічны, прыцягальны…».
На працягу «Юбілейнага тыдня» ў «Тэатры Беларускага радыё» прагучаць спектаклі і пастаноўкі паводле самых вядомых твораў пісьменніцы:
19-21 снежня – радыёспектакль «Расці, Ганька!» паводле тэтралогіі «Пачакай, затрымайся…»;
22 снежня – радыёнавела «Гаварылі трынаццаць мінут» і інсцэніраванае апавяданне «Я – унук капітана»;
23 снежня – радыёпастаноўка «Пісар страявой часці» і інсцэніраванае апавяданне «Як я быў доктарам»;
24 снежня – радыёспектакль «Я буду чакаць» паводле аповесці «У прасторах жыцця» і радыёпастаноўка «Калінавая рукавічка» паводле казкі;
25 снежня – інсцэніраванае апавяданне «Горкі ліпавы мёд».
«Тэатр Беларускага радыё» у эфіры кожны вечар з 22.05 да 23.00 (і пасля апоўначы – з 2.05 да 3.00).