Падзяліцца:
Афіша «Тэатра Беларускага радыё» – «Юбілейны тыдзень» Івана ШАМЯКІНА з  26.01 па 1.02.2026
26 студзеня 2026
Афіша «Тэатра Беларускага радыё» – «Юбілейны тыдзень» Івана ШАМЯКІНА з  26.01 па 1.02.2026

На працягу тыдня з 26 студзеня па 1 лютага ў «Тэатры Беларускага радыё» – «Юбілейны тыдзень» народнага пісьменніка Беларусі Івана ШАМЯКІНА да 105-годдзя з дня нараджэння.

Іван ШАМЯКІН належыць да франтавога пакалення беларускіх пісьменнікаў. Сам ён прызнаваўся: «Так, мы прыйшлі з франтоў Вялікай вайны, якую народ назваў Айчыннай. Адны з пагонамі салдат і афіцэраў, другія – з чырвонымі стужкамі партызан. Многія з нас былі маладымі і нявопытнымі ў літаратуры. І ўсё ж, нягледзячы на гэта, мы са здзіўляючай смеласцю прыняліся за вялікія творы пра вайну».

За пісьменнікам справядліва замацавалася слава аднаго з лепшых майстроў сюжэта ў беларускай літаратуры. Іван ШАМЯКІН любіў маляваць вобразы дзейсных герояў, людзей з цікавымі біяграфіямі. Яго заўсёды хвалявалі вострыя праблемы грамадскага гучання. Крытыка называла яго бліскучым белетрыстам, стваральнікам каларытных народных характараў.

Паводле спадчыны Івана ШАМЯКІНА ставіліся тэатральныя і тэле-спектаклі, здымаліся кінастужкі, яго героі палюбіліся многім пакаленням чытачоў.

У фондах Беларускага радыё захоўваецца шмат радыёспектаклей і пастановак паводле вядомых твораў Івана ШАМЯКІНА: «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «Трывожнае шчасце», «І змоўклі птушкі», «Крыніцы», «Аднакурснікі», «У добры час», «Залаты медаль» ды іншыя.

На гэтым, «Юбілейным тыдні» ў «Тэатры Беларускага радыё» слухайце наступныя радыёпастаноўкі:

26-27 студзеня – радыёспектакль «Трывожнае шчасце» паводле вядомай пенталогіі;

28-30 студзеня – радыёспектакль «Вазьму твой боль» паводле аднайменнага рамана;

31 студзеня – фрагмент радыёпастаноўкі «Адна на падмостках» паводле аднайменнай аповесці;

1 лютага – ісцэніраваны фрагмент аповесці «Вялікая княгіня».

«Тэатр Беларускага радыё» у эфіры кожны вечар з 22.05 да 23.00 (і пасля апоўначы – з 2.05 да 3.00).

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: