На працягу тыдня з 3 па 9 чэрвеня ў «Тэатры Беларускага радыё» – «Юбілейны тыдзень» заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэата Нацыянальнай тэатральнай прэміі, рэжысёра і артыста, а ў мінулым – нашага калегі, галоўнага рэжысёра Беларускага радыё Валерыя АНІСЕНКІ да 80-годдзя з дня нараджэння.
Сярод сотняў спектаклей, пастаўленых Валерыем Данілавічам за гады працы ў розных тэатрах краіны, асобна можна гаварыць пра тыя пастановачныя праекты, якія былі ажыццёўлены ім на Беларускім радыё, дзе ён працаваў і ў якасці выканаўцы, і як рэжысёр-пастаноўшчык. У радыйных фондах захоўваецца шмат яркіх прыкладаў яго працы ў розных радыёжанрах паводле вядомых твораў беларускай, рускай, замежнай літаратуры. Валерый Анісенка на ўласным вопыце цудоўна ведае магічную сілу літаратурнага слова, прамоўленага ў эфіры. І заўсёды падкрэслівае важкасць і непаўторнасць радыёспектакля, як асаблівага мастацкага жанру, яго выключную ролю ў выхаванні душы і асобы чалавека.
Падчас «Юбілейнага тыдня» ў «Тэатры Беларускага радыё» прагучаць:
3 чэрвеня – радыёспектакль «Выкраданне Алены» па п’есе пісьменніка Георгія Марчука і паэма паэта Анатоля Вярцінскага «Песня пра хлеб»;
4 чэрвеня – апавяданне пісьменніка Сяргея Грахоўскага «Мальвы»;
5-6 чэрвеня – радыёспектакль «Нельга забыць» паводле рамана пісьменніка Уладзіміра Караткевіча «Леаніды не вернуцца да зямлі»;
7 чэрвеня – радыёнавела «Крык чайкі» паводле апавядання пісьменніка Алеся Асіпенкі;
8 чэрвеня – інсцэніраваныя старонкі аповесці народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа «Гарачы жнівень»;
9 чэрвеня – радыёспектакль «Вячэра» па п’есе драматурга Яўгена Шабана.
«Тэатр Беларускага радыё» у эфіры кожны вечар з 22.05 да 23.00 (і пасля апоўначы – з 2.05 да 3.00).