На працягу тыдня з 17 па 23 чэрвеня ў «Тэатры Беларускага радыё» – «Юбілейны тыдзень» народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава да 100-годдзя з дня нараджэння.
Імя гэтага пісьменніка ўспрымаецца намі як сімвал непрыхарошанай праўды ў адлюстраванні падзей Вялікай Айчыннай вайны. Сам франтавік, Васіль Уладзіміравіч меў на гэта маральнае права. На пачатку вайны ў складзе інжынернага батальёна ён рыхтаваў абаронныя збудаванні, як камандзір узвода аўтаматчыкаў і ўзвода палкавой, а потым армейскай артылерыі ўдзельнічаў у баях на ІІ-м і ІІІ-м Украінскіх франтах. З дзеючай арміяй прайшоў Румынію, Венгрыю, Югаславію, Аўстрыю. Быў двойчы паранены і нават бацькам яго прыйшла пахаронка на сына, што ён забіты і пахаваны ў брацкай магіле ля вёскі Вялікая Севярынка на Кіраваградчыне. Але, на шчасце, лёс дараваў жыццё малодшаму лейтэнанту Быкаву, каб пісьменнік Быкаў расказаў у сваіх творах пра тое ваеннае пекла, якое перажыў наш народ.
«Жураўліны крык», «Альпійская балада», «Пайсці і не вярнуцца», «У тумане», «Знак бяды», «Кар’ер», «Мёртвым не баліць», «Пастка», «Воўчая зграя» – урэшце, можна назваць любы з твораў Васіля Быкава, каб пераканацца ў сапраўднасці мастацкага слова, якое адлюстроўвала рэальны час і падзеі. Без выдумкі і пафаса, а так, як бывае ў самім жыцці. З болем, пакутамі. І, канечне, – верай, якая перамагла!
Паводле вышэй згаданых аповесцей Васіля Быкава на Беларускім радыё створаны аднайменныя радыёспектаклі, якія пастаянна гучаць у нашым эфіры. Кожная з гэтых мастацкіх пастановачных работ – своеасаблівы рэквіем подзвігу і ахвярнасці ўсіх, хто коштам уласнага жыцця набліжаў чаканую Перамогу.
На працягу «Юбілейнага тыдня» ў «Тэатры Беларускага радыё» слухайце радыёспектаклі паводле ваенных аповесцей пісьменніка:
17-18 чэрвеня – радыёспектакль «Жураўліны крык»;
19-20 чэрвеня – радыёспектакль «Кар'ер»;
21 чэрвеня – радыёпастаноўка «Круты бераг»;
22-23 чэрвеня – радыёспектакль «У тумане».
«Тэатр Беларускага радыё» у эфіры кожны вечар з 22.05 да 23.00 (і пасля апоўначы – з 2.05 да 3.00).