Іван Антонавіч Брыль – класік беларускай літаратуры, з яго імем звязана цэлая эпоха ў айчынным прыгожым пісьменстве. З 30-х гадоў мінулага стагоддзя і да пачатку ХХІ-га ён актыўна працаваў і друкаваўся. Янку Брыля называюць майстрам лірыка-псіхалагічнай прозы, крыніцы якой аўтар нястомна шукаў у рэальным жыцці. Таму яго героі выпісаны з гранічнай шчырасцю і праўдзівасцю, ім верыш, як сабе самому.
Раман «Птушкі і гнёзды», аповесці «Ніжнія Байдуны», «Золак, убачаны здалёк» – тыя творы, без якіх сёння цяжка ўявіць прастору беларускага мастацкага слова. Нацыянальнае і філасофскае, аўтабіяграфічнае і агульналюдскае складваюцца ў адзіны матыў, прасякнуты самымі рознымі адценнямі жыцця. І разам з тым яны найперш сцвярджаюць беларускі характар, высакароднасць, маральнасць і прыродную мудрасць беларусаў. А цэлая серыя кніг непаўторных лірычных мініяцюр Янкі Брыля: «Жменя сонечных промняў», «Пішу, як жыву», «Сцежкі, дарогі, прастор» ды іншыя. Хто з нас не зачытваўся імі! Усёй сваёй творчасцю і жыццём пісьменнік паказвае нам прыклад адданай сыноўней любові да сваёй зямлі – роднай Беларусі.
У фондах Беларускага радыё захоўваюцца шмат розных мастацкіх работ паводле творчасці Янкі Брыля, асобныя апавяданні і мініяцюры можна пачуць і ў выкананні самога аўтара.
На працягу «Юбілейнага тыдня» ў «Тэатры Беларускага радыё» прагучаць радыёспектаклі і пастаноўкі паводле твораў народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля.
1 жніўня – радыёпастаноўка «На Быстранцы» паводле аповесці,
2-3 жніўня – радыёспектакль «У Забалоцці днее» паводле аповесці,
4-5 жніўня – радыёпастаноўка «Сірочы хлеб» паводле аднайменнай аповесці,
5 жніўня – лірычныя мініяцюры «Жменя сонечных промняў» у выкананні аўтара,
6 жніўня – радыёпастаноўка «З успамінаў майго аднагодка» паводле аповесці «У сям’і»,
7 жніўня – фрагменты аповесці «Золак, убачаны здалёк».
«Тэатр Беларускага радыё» у эфіры кожны вечар з 22.05 да 23.00 (і пасля апоўначы – з 2.05 да 3.00).
Больш цікавага ў нашым тг-канале: https://t.me/belradio_1