На Першым нацыянальным канале Беларускага радыё з 1 па 8 сакавіка 2021 года пройдзе «Юбілейны тыдзень» народнага пісьменніка Беларусі КАНДРАТА КРАПІВЫ да 125-годдзя з дня нараджэння.
Яго называюць патрыярхам беларускай сатыры, класікам беларускай драматургіі. Першай п’есай, якую напісаў КАНДРАТ КРАПІВА, была драма “Канец дружбы”. Потым з’явіліся “Партызаны”, “Хто смяецца апошнім”, “Проба агнём”, “Мілы чалавек”, “З народам”, “Людзі і д’яблы”, “Брама неўміручасці” ды іншыя.
Паводле ўспамінаў самога КАНДРАТА КРАПІВЫ, зацікаўленне драматургіяй пачалося з таго, што кіраўнікі БДТ-1 папрасілі яго перакласці на беларускую мову п’есу Фанвізіна “Недоросль”. “І мне, – згадвае КАНДРАТ КАНДРАТАВІЧ, – было цікава паглядзець, наколькі ўдалым атрымаўся пераклад. У вуснах акцёра, справядліва думаў я, фальш аўтарскага слова, у дадзеным выпадку майго, перакладчыцкага, павінна адчувацца асабліва. І я зачасціў на рэпетыцыі. Вось тут і “зачапілі” мяне, прапанаваўшы самому напісаць п’есу… Ну, а я аказаўся чалавекам згаворлівым, узяў дый напісаў…”
КАНДРАТ КРАПІВА працаваў у беларускай літаратуры на працягу ледзь не ўсяго ХХ стагоддзя. Ён паспеў зрабіць шмат і ў драматургіі, і і як паэт-сатырык, і як празаік, і як навукоўца.
На працягу “Юбілейнага тыдня” ў “Тэатры Беларускага радыё” слухайце радыёкампазіцыі спектаклей Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, пастаўленых паводле наступных аднайменных п’ес КАНДРАТА КРАПІВЫ:
1-2 сакавіка – “Хто смяецца апошнім”,
3-4 сакавіка – “Людзі і д’яблы”,
5-6 сакавіка – “Брама неўміручасці”,
7-8 сакавіка – радыёкампазіцыя спектакля Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа “Блытаныя сцежкі” па п’есе КАНДРАТА КРАПІВЫ “На вастрыі”.
«Тэатр Беларускага радыё» у эфіры кожны вечар з 22.05 да 23.00.