Падзяліцца:
АФІША «ТЭАТРА БЕЛАРУСКАГА РАДЫЁ» з 15 па 21.03.2021 – «ЮБІЛЕЙНЫ ТЫДЗЕНЬ» ПАЎЛА ДУБАШЫНСКАГА
15 сакавіка 2021
АФІША «ТЭАТРА БЕЛАРУСКАГА РАДЫЁ» з 15 па 21.03.2021 – «ЮБІЛЕЙНЫ ТЫДЗЕНЬ» ПАЎЛА ДУБАШЫНСКАГА

На Першым нацыянальным канале Беларускага радыё з 15 па 21 сакавіка 2021 пройдзе «Юбілейны тыдзень» народнага артыста Беларусі ПАЎЛА ДУБАШЫНСКАГА да 90-годдзя з дня нараджэння.

Пасля заканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута ПАВЕЛ ДУБАШЫНСКІ 12 гадоў працаваў у Тэатры юнага гледача, а з 1967 года – ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. І ўвесь гэты час актыўна супрацоўнічаў з Беларускім радыё. Артыст яркага і самабытнага таленту, абаяльны і шчыры, з цудоўным пачуццём гумару. Выразная акцёрская пластыка, адпрацаванасць кожнага жэста, непаўторная інтанацыя заўсёды захаплялі гледача. Сыграў шмат выдатных роляў паводле твораў беларускай, рускай і сусветнай класікі: камендант («Трыбунал» Андрэя Макаёнка), Дабрыян («Брама неўміручасці» Кандрата Крапівы), Земляніка («Рэвізор» Мікалая Гогаля), князь К. («Дзядзечкаў сон» паводле Фёдара Дастаеўскага), Глахуна («Закон вечнасці» паводле Надара Думбадзе), Язэп Карыта («Ажаніцца – не журыцца» паводле Міхася Чарота) ды іншыя.

Дзякуючы свайму непаўторнаму таленту, ПАВЕЛ ДУБАШЫНСКІ быў улюбёнцам радыёрэжысёраў. У фондах Беларускага радыё захоўваецца вельмі шмат радыёспектаклей, у якіх ён выконвае галоўныя ролі.

На працягу «Юбілейнага тыдня» ў «Тэатры Беларускага радыё» прагучаць:

15-16 сакавіка – радыёпастаноўка «Васіль Корж» па п’есе пісьменніка Сяргея Грахоўскага (Васіль Корж);

17-19 сакавіка – радыёкампазіцыя спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы «Вечар» па п’есе драматурга Аляксея Дударава (Мікіта Гастрыт);

20-21 сакавіка – радыёспектакль «Судны дзень Скарыны» па аднайменнай драматычнай паэме пісьменніка Міколы Арочкі (Францыск Скарына).

«Тэатр Беларускага радыё» у эфіры кожны вечар з 22.05 да 23.00.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: