Падзяліцца:
АФІША «ТЭАТРА БЕЛАРУСКАГА РАДЫЁ» з 19 па 25.04.2021 – «ЮБІЛЕЙНЫ ТЫДЗЕНЬ» ЗМІТРАКА БЯДУЛІ
19 красавіка 2021
АФІША «ТЭАТРА БЕЛАРУСКАГА РАДЫЁ» з 19 па 25.04.2021 – «ЮБІЛЕЙНЫ ТЫДЗЕНЬ» ЗМІТРАКА БЯДУЛІ

На Першым нацыянальным канале Беларускага радыё з 19 па 25 красавіка 2021 года пройдзе «Юбілейны тыдзень» класіка беларускай літаратуры ЗМІТРАКА БЯДУЛІ да 135-годдзя з дня нараджэння.

Творчасць ЗМІТРАКА БЯДУЛІ добра вядома нашым слухачам са школьных гадоў. Яго талент – шырокі і разнастайны: празаік, паэт, публіцыст, крытык. Ён – адзін з выдатных пачынальнікаў навейшай беларускай літаратуры.

Пісьменнік рамантычнага складу ЗМІТРОК БЯДУЛЯ тым не менш будаваў свае творы на жорсткай рэальнасці жыцця простых людзей. Як мастак і філосаф Бядуля схіляўся да эвалюцыйнага шляху развіцця падзей, аддаваў перавагу асветніцтву, спадзяваўся на моц хараства. У гэтым ён блізкі да эстэтычнай праграмы класікаў-адраджэнцаў: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Вацлава Ластоўскага, Максіма Гарэцкага. Малюнкі змрочнага побыту ў яго абразках заўсёды кантрастуюць з аўтарскімі перакананнямі пра красу свету і чалавечай душы.

У фондах Беларускага радыё захоўваецца нямала мастацкіх работ паводле твораў Змітрака Бядулі, якія запісваліся ў розныя гады з удзелам знакамітых артыстаў беларускай тэатральнай сцэны.

На працягу «Юбілейнага тыдня» ў «Тэатры Беларускага радыё» прагучаць:

19 красавіка – радыёпастаноўка «Мурашка-Палашка» паводле аднайменнай вершаванай казкі, а таксама апавяданне «Дзе канец свету?»;

20 красавіка – радыёпастаноўкі «Жалейка» і «Фрося» паводле апавяданняў;

21-23 красавіка – радыёспектакль «Салавей» паводле аднайменнай аповесці і кампазіцыя «Пад родным небам» паводле вершаў;

24-25 красавіка – інсцэніраваная казка «Сярэбраная табакерка» і апавяданне «Летапісцы».

«Тэатр Беларускага радыё» у эфіры кожны вечар з 22.05 да 23.00.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: