Падзяліцца:
АФІША «ТЭАТРА БЕЛАРУСКАГА РАДЫЁ» з 20 па 27.12.2021 – «ЮБІЛЕЙНЫ ТЫДЗЕНЬ» ЛІЛІІ ДАВІДОВІЧ
20 снежня 2021
АФІША «ТЭАТРА БЕЛАРУСКАГА РАДЫЁ» з 20 па 27.12.2021 – «ЮБІЛЕЙНЫ ТЫДЗЕНЬ» ЛІЛІІ ДАВІДОВІЧ

На Першым нацыянальным канале Беларускага радыё з 20 па 27 снежня 2021 года пройдзе «Юбілейны тыдзень» народнай артысткі Беларусі ЛІЛІІ ДАВІДОВІЧ да 85-годдзя з дня нараджэння.

Пасля заканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута Лілія Давідовіч усё жыццё працавала ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. З самых першых роляў выявілася здольнасць актрысы ствараць моцныя, валявыя характары. Галерэя яе жаночых вобразаў, увасобленых на тэатральнай сцэне, вельмі багатая і шматпланавая. Найчасцей гэта натуры гордыя і незалежныя, узнёслыя і лірычныя. Ганна ў «Людзях на балоце» Мележа, Марыя Сяргееўна – «Залатая карэта» Лявонава, Дзіяна – «Канец – справе вянец» Шэкспіра, Рая – «Пагарэльцы» Макаёнка, Юлія Тугіна – «Апошняя ахвяра» Астроўскага ды іншых. Каля 70 роляў было сыграна актрысай на купалаўскай сцэне за 40 гадоў.

Асобная старонка яе творчай біяграфіі – Беларускае радыё, дзе яна таксама была шмат занята ў радыёспектаклях і пастаноўках, як паводле класічных твораў, так і сучасных аўтараў.

На працягу «Юбілейнага тыдня» ў «Тэатры Беларускага радыё» прагучаць радыёспектаклі, у якіх галоўныя ролі выконвае народная артыстка Беларусі Лілія Давідовіч.

20-21 снежня – радыёспектакль «Людзі на балоце» паводле «Палескай хронікі» народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа (Ганна Чарнушка);

22-23 снежня – радыёспектакль «Незамужняя ўдава» паводле аднайменнай аповесці пісьменніка Рамана Сабаленкі (Галіна Заранка);

24 снежня – радыёпастаноўка «Вераснёвыя ночы» паводле аднайменнага апавядання класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага (Агата);

25-27 снежня – радыёкампазіцыя спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы «І змоўклі птушкі» па аднайменнай п’есе народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна (Наталля Фадзееўна).

«Тэатр Беларускага радыё» у эфіры кожны вечар з 22.05 да 23.00.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: