На Першым нацыянальным канале Беларускага радыё з 22 па 28 лістапада 2021 года пройдзе «Юбілейны тыдзень» народнай артысткі Беларусі МАРЫІ ЗАХАРЭВІЧ да 85-годдзя з дня нараджэння.
Творчы лёс Марыі Георгіеўны Захарэвіч звязаны з галоўнай драматычнай сцэнай Беларусі – Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы, у якім яна працуе пасля заканчэння тэатральна-мастацкага інстытута. Яе называюць актрысай ярка акрэсленага лірыка-драматычнага плана. Гераіні Захарэвіч – унутрана шчодрыя і багатыя натуры, якія вабяць душэўнай спагадай, цэласнасцю характару, абаяльнасцю і шчырасцю. У тэатры ёю сыграны сотні цудоўных роляў у спектаклях, пастаўленых паводле класікі і твораў сучасных аўтараў.
Але ў Марыі Георгіеўны Захарэвіч ёсць яшчэ адно цудоўнае амплуа. У яе творчым актыве – не менш роляў, сыграных ў радыёспектаклях і пастаноўках, яна – выключны майстра мастацкага чытання ў радыёэфіры. Сапраўды, без перабольшвання, можна гаварыць пра радыётэатр Марыі Захарэвіч на Беларускім радыё, творчае супрацоўніцтва з якім доўжыцца, напэўна, столькі ж, колькі і праца артысткі ў Купалаўскім тэатры.
З юбілеем Вас, дарагая і шаноўная Марыя Георгіеўна! Няхай Ваша радыйная сага працягваецца і далей на радасць нашым слухачам, а таксама дорыць Вам самой хвіліны творчага шчасця!
На працягу «Юбілейнага тыдня» ў «Тэатры Беларускага радыё» прагучаць самыя розныя мастацкія праекты з удзелам народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч.
22-23 лістапада – радыёспектакль «Канец бабінага лета» паводле аповесці пісьменніка Алеся Асіпенкі (Марыя). Фрагмент спектакля «І змоўклі птушкі» (урач Наталля Фадзееўна) па п’есе народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна з яго каментарыем.
24-25 лістапада – радыёспектакль «Рыбакова хата» па аднайменнай паэме народнага паэта Беларусі Якуба Коласа (Марына).
26 лістапада – кампазіцыя «Дарог маіх нізіны ды ўзгоркі…» паводле вершаў паэтэсы Яўгеніі Янішчыц.
27 лістапада – кампазіцыя «І не знікаць паэтам вечна…» паводле творчасці пісьменніка Уладзіміра Караткевіча.
28 лістапада – радыёпастаноўка «Яна і я» па аднайменнай паэме народнага паэта Беларусі Янкі Купалы (Наталка). Кампазіцыя «Страцім-лебедзь» паводле творчасці паэта Максіма Багдановіча.
«Тэатр Беларускага радыё» у эфіры кожны вечар з 22.05 да 23.00.