На Першым нацыянальным канале Беларускага радыё з 23 па 29 лістапада пройдзе «Юбілейны тыдзень» лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, пісьменніка Уладзіміра Караткевіча да 90-годдзя з дня яго нараджэння.
Вывучаць спадчыну Уладзіміра Караткевіча можна не толькі па яго выдадзеных кнігах, але і паводле перастварэння твораў пісьменніка сродкамі аўдыязапісу. На Беларускім радыё створаны асобны радыётэатр Караткевіча, рэпертуар якога налічвае амаль 40 назваў мастацкіх работ. І ў нашых слухачоў ёсць магчымасць быць сведкамі гэтага багацейшага аўдыясвету, у якім жывуць і дзейнічаюць героі класіка беларускай літаратуры. Радыёфанічнасць спадчыны Караткевіча – у яе асаблівай архітэктоніцы, багатым філасофскім падтэксце, унутраным напружанні сюжэта, вастрыні жывой думкі, шматпланавай аўтарскай інтанацыі.
На працягу «Юбілейнага тыдня» ў «Тэатры Беларускага радыё» прагучаць наступныя радыёспектаклі і пастаноўкі паводле твораў Уладзіміра Караткевіча:
23-24 лістапада – радыёспектакль «Паром на бурнай рацэ»;
24 лістапада – радыёпастаноўка «Сіняя-сіняя»;
25 лістапада – кампазіцыя «І не знікаць паэтам вечна» паводле вершаў і эсэ «Ты жывеш на гераічнай зямлі»;
26-28 лістапада – радыёспектакль «Севярын і Гражына» паводле «Чазеніі»;
29 лістапада – інсцэніраваны ўрывак з аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха».
«Тэатр Беларускага радыё» у эфіры кожны вечар з 22.05 да 23.00.