Падзяліцца:
АФІША «ТЭАТРА БЕЛАРУСКАГА РАДЫЁ» з 25 па 31.01.2021 – «ЮБІЛЕЙНЫ ТЫДЗЕНЬ» ІВАНА ШАМЯКІНА
25 студзеня 2021
АФІША «ТЭАТРА БЕЛАРУСКАГА РАДЫЁ» з 25 па 31.01.2021 – «ЮБІЛЕЙНЫ ТЫДЗЕНЬ» ІВАНА ШАМЯКІНА

На Першым нацыянальным канале Беларускага радыё з 25 па 31 студзеня 2021 года пройдзе «Юбілейны тыдзень» народнага пісьменніка Беларусі ІВАНА ШАМЯКІНА да 100-годдзя з дня нараджэння.

Іван Шамякін належыць да пакалення беларускіх пісьменнікаў-франтавікоў. Ім напісана шмат твораў пра вайну, глыбокіх, трагічных, неадназначных. За пісьменнікам справядліва замацавалася слава аднаго з лепшых майстроў сюжэта ў беларускай літаратуры. Іван Шамякін любіў маляваць вобразы дзейсных герояў, людзей з цікавымі біяграфіямі. Крытыка называла яго бліскучым белетрыстам, летапісцам свайго часу. Як мастак і гуманіст, ён сказаў сваё слова пра цэлую эпоху, у якой выпала яму жыць да пачатку 2000-х гадоў. Паводле яго твораў ставіліся тэатральныя і тэлеспектаклі, здымаліся кінастужкі, яго героі палюбіліся многім пакаленням чытачоў.

У фондах Беларускага радыё захоўваецца шмат радыёспектаклей і пастановак паводле твораў Івана Шамякіна: «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «І змоўклі птушкі», «Крыніцы», «Выгнанне блудніцы», «Залаты медаль», «У добры час» ды іншыя.

На працягу «Юбілейнага тыдня» ў «Тэатры Беларускага радыё» слухайце:

25-26 студзеня – радыёспектакль «Трывожнае шчасце» паводле вядомай пенталогіі;

27-29 студзеня – радыёспектакль «Вазьму твой боль» паводле аднайменнага рамана;

29 студзеня – радыёпастаноўка «Аксана» паводле апавядання;

30 студзеня – фрагмент радыёспектакля «Адна на падмостках» паводле аповесці;

31 студзеня – урывак з гістарычнага рамана «Вялікая княгіня».

«Тэатр Беларускага радыё» у эфіры кожны вечар з 22.05 да 23.00.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: