Падзяліцца:
АФІША «ТЭАТРА БЕЛАРУСКАГА РАДЫЁ» з 31.10 па 7.11.2022
31 кастрычніка 2022
АФІША «ТЭАТРА БЕЛАРУСКАГА РАДЫЁ» з 31.10 па 7.11.2022

З 31 кастрычніка па 7 лістапада 2022 года ў «Тэатры Беларускага радыё» пройдзе «Юбілейны тыдзень» народнага паэта Беларусі Якуба Коласа да 140-годдзя з дня нараджэння.

Якуб Колас разам з Янкам Купалам з’яўляецца заснавальнікам навейшай беларускай літаратуры. У сусветную літаратуру Якуб Колас увайшоў як «беларускі Гамер», стваральнік нацыянальнай «Іліяды» і «Адысеі». Менавіта так называе крытыка знакавыя паэмы класіка: «Новая зямля» і «Сымон-музыка».

Паэзія і проза, драматургія і публіцыстыка Коласа непарыўна звязаны з жыццём народа. Сваёй творчасцю ён фактычна складае мастацкі летапіс гістарычнай эпохі і філасофіі жыцця простага чалавека. Якуб Колас – стваральнік дзівосных вобразаў маляўнічых беларускіх краявідаў, якія вабяць сваім непараўнаным хараством і чаруюць даўнімі легендамі. Яго любоў да сваёй зямлі – мяккая і некрыклівая – спараджае працяг гэтага пачуцця ў новых пакаленнях маладых беларусаў.

У фондах Беларускага радыё захоўваецца вельмі шмат самых розных мастацкіх работ паводле паэм, вершаў, п’ес, казак, апавяданняў і аповесцей народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, а таксама твораў, прысвечаных самому Песняру.

На працягу «Юбілейнага тыдня» слухайце:

31 кастрычніка-1 лістапада – радыёспектакль «Адгукніся, браце!» па п’есе Георгія Марчука, які прысвечаны маладому Якубу Коласу;

2 лістапада – кампазіцыя «Зямлі і небу пакланюся» паводле ўспамінаў і вершаў Якуба Коласа;

3-4 лістапада – радыёспектакль «На прасторах жыцця» паводле аднайменнай аповесці класіка;

4 лістапада – інсцэніраваная казка «Крыніца»;

5-7 лістапада – радыёспектакль «Рыбакова хата» паводле аднайменнай паэмы;

7 лістапада – інсцэніраванае апавяданне «Нёманаў дар».

«Тэатр Беларускага радыё» у эфіры кожны вечар з 22.05 да 23.00 (і пасля апоўначы – з 2.05 да 3.00).

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: