Падзяліцца:
АФІША «ТЭАТРА БЕЛАРУСКАГА РАДЫЁ» з 4 па 10.07.2022 – «ЮБІЛЕЙНЫ ТЫДЗЕНЬ» ЯНКІ КУПАЛЫ
4 ліпеня 2022
АФІША «ТЭАТРА БЕЛАРУСКАГА РАДЫЁ» з 4 па 10.07.2022 – «ЮБІЛЕЙНЫ ТЫДЗЕНЬ» ЯНКІ КУПАЛЫ

На Першым нацыянальным канале Беларускага радыё з 4 па 10 ліпеня 2022 года пройдзе «Юбілейны тыдзень» народнага паэта Беларусі ЯНКІ КУПАЛЫ да 140-годдзя з дня нараджэння.

Мы расчытваем таямніцу Паэта другое стагоддзе і разумеем, што глыбіня Купалавай спадчыны невымерная. Кожны беларус можа знайсці ў ёй тое, што шукае душа. У яго асобе мы маем прарока і вешчуна, рыцара, які так самааддана і горача любіў сваю Беларусь. Ён паказаў нам кірунак ад тутэйшасці ў вялікі свет Беларускага космасу. І хрэстаматыйныя Купалавы радкі «людзьмі звацца» працягваюць гучаць для нас як заклік і як сцвярджэнне.

Напэўна, лішне казаць, колькі пастановачных мастацкіх работ захоўваецца ў фондах Беларускага радыё паводле спадчыны Янкі Купалы. Яны пастаянна гучаць у беларускім эфіры: радыёспектаклі, пастаўленыя па драматургічных творах, інсцэніраваныя паэмы, кампазіцыі паводле вершаў.

На гэтым, «Юбілейным тыдні», у нашых слухачоў ёсць цудоўная магчымасць далучыцца да мастацкага слова Купалы, перастворанага на аўдыямову.

4-5 ліпеня – радыёспектакль «Прымакі» па аднайменнай камедыі, а таксама – паэма «Бандароўна»;

6-7 ліпеня – радыёкампазіцыя спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы «Паўлінка» па аднайменнай п’есе;

8-9 ліпеня – радыёкампазіцыя спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы «Раскіданае гняздо» па аднайменнай драме;

10 ліпеня – радыёпастаноўка «Яна і я» па матывах аднайменнай паэмы.

«Тэатр Беларускага радыё» у эфіры кожны вечар з 22.05 да 23.00 (і пасля апоўначы – з 2.05 да 3.00).

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: