На Першым нацыянальным канале Беларускага радыё з 4 па 10 кастрычніка 2021 года пройдзе «Юбілейны тыдзень» народнай артысткі СССР АЛЯКСАНДРЫ КЛІМАВАЙ да 100-годдзя з дня нараджэння.
Пасля заканчэння Маскоўскага тэатральнага вучылішча імя Шчэпкіна АЛЯКСАНДРА ІВАНАЎНА КЛІМАВА 7 гадоў працавала ў тэатрах Адэсы, Кіева, Харкава. А з 1956 года і да канца жыцця яе лёсам стаў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага. Тут яна спраўдзілася як выключна таленавітая і непаўторная актрыса, якую абагаўляла мінская публікала і хадзіла ў горкаўскі тэатр менавіта “на Клімаву”. Яна дэбютавала ў ролі Камісара ў “Аптымістычнай трагедыі” Вішнеўскага і адразу набыла вядомасць, стала лаўрэатам фестывалю “Прыбалтыйская вясна-57”.
Жаноцкая абаяльнасць, эмацыйная глыбіня, псіхалагізм і душэўная ўзрушанасць дапамагалі ёй ствараць незабыўныя вобразы. Індывідуальнасці Клімавай блізкія жанчыны з драматычным складаным лёсам. У яе рэпертуары было шмат цікавейшых ролей як паводле класікі, так і сучасных аўтараў. Узгадаем тры гераіні Клімавай ў трагедыях Шэкспіра: Клеапатра, ледзі Макбет, Гертруда, альбо Марыя Сцюарт у аднайменнай п’есе Шылера, Ранеўская ў “Вішнёвым садзе” Чэхава, Рашэль, Сакалова, Алена Мікалаеўна і Малання паводле вядомых твораў Горкага, Гітэль у “Двое на арэлях” Гібсана ды шмат-шмат іншых. Калегі і крытыкі называлі Клімаву вялікай драматычнай актрысай.
У «Тэатры Беларускага радыё» на працягу бліжэйшага тыдня прагучаць радыёкампазіцыі спектаклей Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максама Горкага з удзелам народнай артысткі СССР Аляксандры Клімавай:
4-5 кастрычніка – «Нашэсце» паводле драмы Леаніда Лявонава (Таланава);
6 кастрычніка – сцэны са спектаклей «Варшаўская мелодыя» па п’есе Леаніда Зорына (Гелена) і «Аптымістычная трагедыя» па п’есе Усевалада Вішнеўскага (Камісар);
7-9 кастрычніка – «Макбет» паводле трагедыі Уільяма Шэкспіра (ледзі Макбет);
10 кастрычніка – радыёспектакль «Альпійская балада» паводле аповесці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава (Джулія).
«Тэатр Беларускага радыё» у эфіры кожны вечар з 22.05 да 23.00.