З 5 па 10 верасня ў «Тэатры Беларускага радыё» пройдзе «Юбілейны тыдзень» лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, пісьменніка, літаратуразнаўца, кінасцэнарыста, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Алеся Адамовіча да 95-годдзя з дня нараджэння.
Алесь Адамовіч – з кагорты творцаў, чыё імя асацыіруецца з сапраўдным талентам і чыстым сумленнем. Пісьменнік, публіцыст, крытык і літаратуразнавец у адной асобе – ён зрабіў вельмі шмат для беларускай літаратуры. Яго творы, прысвечаныя такім балючым для беларусаў тэмам, як Вялікая Айчынная вайна і вынікі Чарнобыльскай катастрофы, звяртаюць чытачоў да самага істотнага – каштоўнасці жыцця, якое перамагае ў барацьбе са Злом.
А колькі цудоўных літаратуразнаўчых даследаванняў пакінуў нам у спадчыну Алесь Адамовіч! Іх чытаеш як выбітныя мастацкія творы. Гэта ён першым адкрыў глыбіню і філасофію прозы класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага, параўноўваючы яе з лепшымі ўзорамі сусветнай літаратуры. Адна з апошніх кніг Адамовіча мела назву «Додумывать до конца. Литература и тревоги века». Жыццё і мастацкае слова для яго заўсёды былі звязаны адным болем і клопатам.
У фондах Беларускага радыё захоўваюцца тры радыёспектаклі паводле самых вядомых раманаў і аповесцей Алеся Адамовіча. На працягу «Юбілейнага тыдня» ў «Тэатры Беларускага радыё» прагучаць:
5-6 верасня – радыёспектакль «Вайна пад стрэхамі»;
7-8 верасня – радыёспектакль «Хатынская аповесць»;
9-10 верасня – радыёспектакль «Апошняя пастараль»;
11 верасня слухайце радыёпастаноўку «Прыліпала» паводле апавядання пісьменніка Віктара Карамазава.
«Тэатр Беларускага радыё» у эфіры кожны вечар з 22.05 да 23.00 (і пасля апоўначы – з 2.05 да 3.00).