Падзяліцца:
АФІША «ТЭАТРА БЕЛАРУСКАГА РАДЫЁ» з 6 па 12.05.2024
6 мая 2024
АФІША «ТЭАТРА БЕЛАРУСКАГА РАДЫЁ» з 6 па 12.05.2024

З 6 па 12 мая ў «Тэатры Беларускага радыё» – «Тыдзень памяці» – да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Гаварыць пра перажыты боль і жахлівую трагедыю мільёнаў ахвяр Вялікай Айчыннай вайны можна рознымі сродкамі. Літаратура і мастацтва дапамагаюць нам вяртацца ва ўчарашні дзень, каб будаваць заўтрашні. Да праўдзівых успамінаў жывых сведкаў ваенных падзей ў нашай памяці застаюцца лепшыя ўзоры мастацкіх твораў пра вайну, якія выклікаюць глыбокія пачуцці і перажыванні. Яны нясуць моцны зарад кожнай душы, неабыякавай да гісторыі, здольнай разумець свет асацыятыўна і шукаць у ім сваё месца побач з іншымі.

Ваенная тэма ў жанрах пастановачнага вяшчання Беларускага радыё заўсёды была важнай. Сотні радыёспектаклей, пастановак, паэтычных балад і кампазіцый пра той трагічны час захоўваюцца ў радыйных фондах паводле знакавых твораў розных аўтараў. Пісьменнікаў-франтавікоў і пісьменнікаў з пакалення «дзяцей вайны», тых, хто прыйшоў у літаратуру ў пасляваенны час: Кузьма Чорны, Кастусь Губарэвіч, Іван Мележ, Васіль Быкаў, Іван Шамякін, Кандрат Крапіва, Алесь Адамовіч, Іван Пташнікаў, Віктар Казько, Міхась Стральцоў, Аляксей Дудараў – спіс можна доўжыць. У кожнага з іх – свой мастацкі спосаб адлюстравання тых жахлівых падзей ХХ стагоддзя, але адна праўда пра Вялікую Перамогу, якая забрала кожнага трэцяга беларуса…

На працягу «Тыдня памяці» ў «Тэатры Беларускага радыё» прагучаць:

6-7 мая – радыёверсія спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы «Апошні шанц» па аднайменнай п’есе народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава;

8 мая – радыёпастаноўка «Помста» паводле драматычнай паэмы пісьменніка Кастуся Кірэенкі;

9-10 мая – радыёверсія спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы «Радавыя» па аднайменнай п’есе драматурга Аляксея Дударава. «Я перад вамі з памяццю сваёй...» – кампазіцыя паводле ваенных вершаў беларускіх паэтаў у выкананні народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч;

11-12 мая – радыёспектакль «Трымайце, людзі, Сонца» паводле аповесці пісьменніка Віктара Казько «Суд у Слабадзе». «Суровы час» – кампазіцыя паводле ваенных вершаў паэта Пятра Глебкі.

«Тэатр Беларускага радыё» у эфіры кожны вечар з 22.05 да 23.00 (і пасля апоўначы – з 2.05 да 3.00).

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: