На Першым нацыянальным канале Беларускага радыё з 8 па 14 лютага 2021 года пройдзе «Юбілейны тыдзень» народнага пісьменніка Беларусі ІВАНА МЕЛЕЖА да 100-годдзя з дня нараджэння.
У гісторыю беларускай літаратуры ІВАН МЕЛЕЖ увайшоў найперш як аўтар знакамітай «Палескай хронікі», якую складаюць тры раманы: «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі, снежань». Праблема «чалавек і зямля», а таксама гісторыя вялікага кахання – у цэнтры «Палескай хронікі». Уражвае маштаб пісьменніцкага погляду на свет, уменне перадаць шматгалоссе жыцця, сканцэнтраваць ўвагу на розных па сваёй сутнасці героях. Нездарма крытыка падкрэслівае, што галоўны герой хронікі – народ.
Да стварэння «Палескай хронікі», якая лічыцца вяршыняй творчасці пісьменніка, быў напісаны раман «Мінскі напрамак» – адзін з буйнейшых твораў пра Вялікую Айчынную вайну, а таксама апавяданні, аповесці, п’есы, артыкулы.
Дарэчы, першыя свае апавяданні ІВАН МЕЛЕЖ паказаў КУЗЬМУ ЧОРНАМУ, і выдатны майстар беларускай прозы адразу вызначыў талент маладога аўтара.
У фондах Беларускага радыё захоўваецца шмат мастацкіх пастановачных работ па творах ІВАНА МЕЛЕЖА: радыёспектаклі паводле «Палескай хронікі» і рамана «Мінскі напрамак», а таксама па п’есах «Пакуль вы маладыя», «Хто прыйшоў уночы» ды іншыя.
На працягу «Юбілейнага тыдня» ў «Тэатры Беларускага радыё» слухайце:
8-9 лютага – радыёспектакль «Людзі на балоце» паводле рамана;
10-11 лютага – радыёспектакль «Подых навальніцы» паводле рамана;
11 лютага – інсцэніраванае апавяданне «У завіруху»;
12 лютага – радыёспектакль «Адна» паводле апавядання;
13-14 лютага – радыёкампазіцыя спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы «Пакуль вы маладыя» па аднайменнай п’есе.
«Тэатр Беларускага радыё» у эфіры кожны вечар з 22.05 да 23.00.