25 ліпеня – дзень светлай памяці пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. Яго спадчыну справядліва называюць мастацкім летапісам беларускай гісторыі.
У фондах Беларускага радыё захоўваецца шмат праграм, звязаных і з самім пісьменнікам, і з яго творамі. А ўвогуле гэта -- унікальны выпадак у гісторыі Беларускага радыё адносна такой высокай запатрабаванасці творчай спадчыны аўтара. Паводле яго твораў зроблена так шмат, што можна без перабольшання гаварыць сёння пра асобны тэатр Уладзіміра Караткевіча на Беларускім радыё. Фактычна прысутнічае ўся палітра радыёдраматургічных жанраў.
Агульнае гучанне ўсіх радыёзапісаў (і дакументальных, і мастацкіх) – больш за 60 гадзін! Першая работа датавана 1959-м годам – радыёспектакль “Млын на Сініх Вірах”. Апошнюю дату нават цяжка ўдакладніць, таму што мастацкі фонд У.Караткевіча пастаянна папаўняецца, прынамсі, для такіх цыклавых праграм, як “Тэатр Беларускага радыё”, “Дабравесце ад паэзіі”, “Радыёсерыял”.
24, 25 і 26 ліпеня ў “Тэатры Беларускага радыё” прагучыць радыёспектакль у трох частках “Нельга забыць” паводле рамана пісьменніка Уладзіміра Караткевіча “Леаніды не вернуцца да зямлі”. Галоўны герой – Андрэй Грынкевіч, нашчадак удзельніка паўстання 1863 года, прыязджае на вучобу ў Маскву. Тут ён сустракаецца з Ірынай Горавай, радавод якой таксама звязаны з тымі гістарычнымі падзеямі ХІХ стагоддзя. Лёс дорыць абодвум сапраўднае высокае пачуццё, якое лічаць падарункам нябёсаў...
Аўтар інсцэніроўкі для радыё – Тамара Абакумоўская, рэжысёр Валерый Анісенка, кампазітар Алег Залётнеў. У галоўных ролях Андрэя Грынкевіча і Ірыны Горавай – народны артыст СССР Віктар Тарасаў і артыстка Галіна Кухальская. Запіс з фондаў Беларускага радыё 1985 года.
Таксама на гэтым тыдні ў “Тэатры Беларускага радыё” прагучаць:
20 ліпеня – радыёкампазіцыя “Варта вернасці” паводле творчасці народнага паэта Беларусі Максіма Танка. Аўтар сцэнарыя -- пісьменніца Ніна Загорская, рэжысёр Соф’я Гурыч, выканаўцы – артысты Аляксандр Мароз і Леў Валодзін. Год запісу – 1979.
21 ліпеня -- да 70-годдзя Вялікай Перамогі -- радыёпастаноўка “Жаніх і нявеста” паводле апавядання пісьменніка Васіля Хомчанкі. Аўтар інсцэніроўкі для радыё Джэма Ялугіна, рэжысёр Ігар Лапцінскі. У галоўных ролях Цішкі і настаўніцы Асі Пятроўны – народны артыст Беларусі Віктар Манаеў і артыстка Галіна Кухальская. Год запісу – 1990.
22 і 23 ліпеня – радыёспектакль у дзвюх частках “У добры час” па аднайменнай п’есе драматурга Віктара Розава. Рэжысёр-пастаноўшчык Рыгор Качаткоў. У галоўных ролях -- народныя артысты СССР Уладзімір Уладамірскі і Стэфанія Станюта, народны артыст Беларусі Юрый Сідараў, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Анатоль Кашкер, артыст Юрый Галкін. Год запісу – 1955.
Пачатак эфіру ў 22:10.