Падзяліцца:
21 верасня 2015

У аўторак, 22 верасня, -- 40 дзён з дня смерці народнага артыста Беларусі Сяргея Жураўля. І ўвесь гэты тыдзень у “Тэатры Беларускага радыё” гучаць радыёспектаклі і пастаноўкі, ролі ў якіх выконвае гэты выдатны акцёр, бліскучы майстра сваёй справы.

У фондах Беларускага радыё захоўваецца амаль 50 радыёспектакляў і пастановак, у якіх быў заняты артыст Сяргей Журавель. Уражвае дыяпазон сыграных роляў: ад Сяргея Цюленіна з “Маладой гвардыі” паводле аднайменнага рамана Аляксандра Фадзеева да шматлікіх казачных герояў, ад старшакласніка Рамана з радыёспектакля “Раман і Юлька” паводле аповесці Галіны Шчарбаковай да разведчыка Мікалая Засмужца з інсцэніраванага апавядання народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа “У завіруху”.

Першыя радыёпастаноўкі з удзелам Сяргея Жураўля былі запісаны ў 1979-м годзе, а прэм’ера апошняга радыёспектакля адбылася сёлета, 7, 8 і 9 мая, да 70-годдзя Вялікай Перамогі. Радыёспектакль у трох частках “…І няма шляху чужога” паводле аднайменнай аповесці пісьменніка Уладзіміра Саламахі. Народны артыст Беларусі Сяргей Журавель бліскуча выканаў у гэтым спектаклі сваю апошнюю радыйную ролю: ад аўтара. Дарэчы, падчас круглага стала, на якім абмяркоўвалася прэм’ера, Сяргей Барысавіч падкрэсліў, наколькі важнай і глыбокай  аказалася для яго гэта работа.

На гэтым тыдні ў “Тэатры Беларускага радыё” слухайце:

21 верасня -- радыёспектакль “Забастоўшчыкі”  па аднайменнай п’есе народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Рэжысёр Соф’я Гурыч. Год запісу – 1982. У ролі Шумякі – Сяргей Журавель.

22 верасня -- фрагмент радыёспектакля “…І няма шляху чужога”  па аднайменнай аповесці пісьменніка Уладзіміра Саламахі. Рэжысёр Алег Вінярскі. Год запісу – 2015.  Ад аўтара – Сяргей Журавель.

23 і 24 верасня -- радыёкампазіцыя ў дзвюх частках спектакля Тэатра юнага гледача “Маладая гвардыя” паводле рамана Аляксандра Фадзеева. Год запісу – 1982. У ролі Сяргея Цюленіна – Сяргей Журавель.

25 верасня -- музычны радыёспектакль “Кот Максім” па матывах беларускай народнай казкі. Рэжысёр Зінаіда Паўлоўская.  Год запісу – 1986-ы.  У галоўнай ролі -- Сяргей Журавель.

26 верасня --  радыёспектакль “Раман і Юлька” паводле аповесці  пісьменніцы Галіны Шчарбаковай. Рэжысёр Марына Троіцкая. Год запісу – 1980-ы. У ролі Рамана – Сяргей Журавель.

27 верасня -- інсцэніраванае апавяданне народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа “У завіруху”. Рэжысёр – Соф’я Гурыч. Год запісу – 1979-ы. У галоўнай ролі разведчыка Мікалая Засмужца -- народны артыст Беларусі Сяргей Журавель.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: