Сёння Беларускі саюз жанчын аб'ядноўвае ў сваіх шэрагах амаль 150 тысяч жанчын. Сярод іх і тыя, хто будуе кар'еру ў палітыцы. Якая яна, жанчына-палітык па-беларуску? Сваім меркаваннем дзеліцца намеснік старшыні ГА «Беларускі саюз жанчын», намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў Лілія Ананіч.
«Сёння жанчына-палітык - гэта не толькі тая жанчына, якая з'явілася раптам у інтэрнэце і зрабіла некалькі гучных палітычных заяў, ці толькі скіроўваецца ў палітыку. Якая колькасць жанчын сёння ў складзе беларускага парламента! Было 27% раней, а ў цяперашнім скліканні ужо больш за 30% ад агульнага складу дэпутатаў. Гэта жанчыны-палітыкі, але гэта жанчыны, якія прайшлі пэўны жыццёвы шлях. Яны маюць багаж ведаў, вопыту. Яны прыйшлі з вытворчасці, з сацыяльнай сферы, з органаў дзяржаўнага кіравання. Яны ў сваім жыцці нешта здзейснілі добрае, карыснае.
Вядома, сёння новыя тэхналогіі робяць цуды, можна за тыдзень, а хтосьці спрабуе за два-тры тыдні, раскруціцца і ашчаслівіць усіх нас. Я не магу не выказвацца актыўна на гэтую тэму ў сацсетках. Час усё расставіць па сваіх месцах.
Мы, жанчыны Беларусі, ні ў якім разе не пагодзімся, каб наша краіна стала той краінай, якую ўжо не будуць называць астраўком міру і стабільнасці. Людзі разумеюць, што электаральныя кампаніі прыходзяць і сыходзяць. Гэтак жа як і праблемы, якія сёння здаюцца праблемамі, прыходзяць і сыходзяць. Важна ў гэты час бачыць галоўнае. А галоўнае - каб у кожнай сям'і быў парадак, дастатак, каб было спакойна».