«Юбілейны ракурс. Да 65-годдзя Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа» – так вызначана тэма літаратурнага «Творчага вечара». У юбілейны год музея класіка пра яго гісторыю і сучасныя ініцыятывы расказваем кожны другі аўторак месяца разам з гасцямі студыі.
На гэты раз – пра ўнікальнае музейнае выданне, першы каталог «Ад усяго сэрца, ад усёй душы. Дарчыя надпісы Якуба Коласа на кнігах». Менавіта з такім цёплым пасылам падпісваў Канстанцін Міхайлавіч свае творы чытачам, сярод якіх – пісьменнікі, дзяржаўныя дзеячы, сваякі, студэнцкая моладзь, настаўнікі, вучні. У фондах музея класіка захоўваецца каля сотні такіх аўтографаў. І за кожным з іх – свая гісторыя.
Удзельнікі эфіру «Творчага вечара»: галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, праўнучка класіка Васіліна Міцкевіч, навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела музея Наталля Шувагіна-Адамовіч, навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, унучка Якуба Коласа Вера Міцкевіч.
«Творчы вечар» у эфіры – 12 сакавіка ў 21.05.