Сёмае дзесяцігоддзе ў Беларусі працуе Дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, дзе зберагаюцца сапраўдныя рарытэты. Дакументы, аўтографы, фотаздымкі, сямейныя рэліквіі аднаўляюць цэлую эпоху, звязаную з гісторыяй беларускай літаратуры і мастацтва.
У гэтай архіўна-музейнай установе ёсць цудоўная традыцыя. Штогод тут праводзяцца дзве навукова-практычныя канферэнцыі: «Узвышаўскія чытанні» і «Архіўныя чытанні». Сёлета ў дваццаць першы раз прайшлі «Узвышаўскія чытанні», якія былі прысвечаны 95-годдзю з часу заснавання вядомага літаратурнага аб’яднання «Узвышша». На іх адбылася і прэзентацыя другога выпуска архіўнага альманаха «Аўтограф».
Госці студыі – дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва ГАННА ЗАПАРТЫКА і вядучы навуковы супрацоўнік архіва-музея, кандыдат філалагічных навук ВІКТАР ЖЫБУЛЬ. Прагучаць вершы народнага паэта Беларусі РЫГОРА БАРАДУЛІНА ў выкананні заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь УЛАДЗІМІРА РАГАЎЦОВА.
Пачатак эфіру – 29 ліпеня ў 21:05.