«Дом Песняра. Юбілейны ракурс. Да 65-годдзя Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа» – так вызначана тэма літаратурнага «Творчага вечара». У юбілейны год музея класіка пра яго гісторыю і сучасныя ініцыятывы расказваем кожны другі аўторак месяца разам з гасцямі студыі.
Два гады таму музей Якуба Коласа, Саюз пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкі дом «Звязда», Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк горада Мінска распачалі сумесны партнёрскі праект «Фестываль дзіцячай кнігі», які набывае сваю папулярнасць, вагомасць і падцвярджае неабходнасць такіх сустрэч на сядзібе класіка беларускай літаратуры. Больш таго – становіцца ўнікальнай традыцыяй і мае цікавыя перспектывы.
Госці студыі: старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар Выдавецкага дома «Звязда», пісьменнік Алесь Карлюкевіч, дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк горада Мінска Таццяна Швед, дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Ірына Мацяс і вядучы навуковы супрацоўнік музея Алена Жасткова.
«Творчы вечар» у эфіры – 13 лютага ў 21.05.