Яго называлі беларускім Левітанам, старэйшае пакаленне цудоўна памятае выключны аксамітны голас Іллі Кургана – 40 гадоў ён самааддана служыў беларускаму эфіру. У яго вучыліся маладыя калегі, да яго заўваг прыслухоўваліся і дыктары, і акцёры, і журналісты. Прафесійная павага і аўтарытэт у старэйшага дыктара Беларускага радыё былі бездакорнымі. У нашых фондах захоўваюцца сотні самых розных запісаў з удзелам майстра: і дакументальныя праграмы, і радыёспектаклі, і паэтычныя кампазіцыі, і пастановачнае чытанне асобных мастацкіх твораў.
«Служэнне слову…». Да 95-годдзя з дня нараджэння заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, дыктара Беларускага радыё Іллі Кургана – так вызначана тэма літаратурнага «Творчага вечара».
Госці студыі: заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, мастацкі кіраўнік Мінскага абласнога драматычнага тэатра, рэжысёр Валерый Анісенка, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, дэкан тэатральнага факультэта Беларускай акадэміі мастацтваў, прафесар Уладзімір Мішчанчук, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, педагог Уладзімір Рагаўцоў, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Андрэй Душачкін, былы дыктар Беларускага радыё Ірына Маісеева, артыст Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Канстанцін Воранаў, пляменнік Іллі Кургана Генадзь Калодкін, артыст і рэжысёр Беларускага радыё Алег Вінярскі.
Прагучыць фрагмент вядомай паэмы народнага паэта Беларусі Янкі Купалы «Курган» у выкананні заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Іллі Кургана. Запіс з фондаў Беларускага радыё 1970-га года.
Пачатак эфіру – 27 мая ў 21.05.