Актывісткі Беларускага саюза жанчын Лышчыцкага сельскага савета не ўяўляюць сваё жыццё без вёскі і любімай справы. Занятыя на вытворчасці ці ў сацыяльнай сферы, яны знаходзяць час, каб абмеркаваць праблемы сям'і, забеспячэння жыллём, аказання дапамогі адзінокім. Талакою хутчэй вырашаюцца ўсе пытанні. Разам пасадзілі сямейную алею, добраўпарадкавалі зоны адпачынку, зрабілі дзіцячыя пляцоўкі, адкрылі музей быту сельскай жанчыны. Завадатар мясцовых ініцыятыў Іна Дзячэк, старшыня сельскага савета, лідар жаночага руху, прапанавала пашыраць турыстычныя паслугі і прыцягваць да цікавай справы моладзь. Таленавітыя вучні мясцовых школ праслаўляюць свой край на рэспубліканскіх форумах і конкурсах.
А ці застаюцца яны ў роднай вёсцы назаўсёды? Якім павінна быць сучаснае жыллё? Дзе лепш жывецца шматдзетным сем'ям? Які сельскі бізнес прыносіць дадатковы даход? Ад чаго залежыць здароўе сельскіх жанчын?
Падрабязнасці ў праграме «Свая зямля» 15 кастрычніка ў 6.25 (паўтор у 23.00).

