Творцы ўходзяць, але іх спадчына, іх жыццё і справы застаюцца з намі, і пакуль жывая наша памяць, жывыя і яны. Сярод такіх выдатных творцаў і імя народнага артыста СССР і Беларусі Уладзіміра Мулявіна – музыканта, які прымусіў увесь свет з захапленнем, прагна слухаць цудоўную, прыгожую беларускую мову, нашы песні.
12 студзеня ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі пройдзе канцэрт-прынашэнне Уладзіміру Мулявіну, заснавальніку аднаго з самых папулярных і любімых у Савецкім Саюзе ВІА «Песняры».
Канцэрт рыхтуе Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя Іосіфа Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Казінца. Дзякуючы гэтаму выдатнаму калектыву, творчая спадчына ансабля «Песняры» набыла новае жыццё на сцэне.
Госці праграмы «Настрой!» з Янай Хадоска і Андрэем Сініцам – прадстаўнікі Нацыянальнага акадэмічнага аркестра народных інструментаў імя Жыновіча – мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор, народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец і дырэктар Барыс Ліўшчыц.
Пачатак сустрэчы – 10 студзеня ў 14-20.