Паводле глыбокага пераканання класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага: «Літаратура – гэта адна з найгалоўнейшых галін нашае культуры. І стварэнне літаратуры не ёсць забаўка чалавека, якога завуць пісьменнікам. Стварэнне літаратуры – гэта ёсць найадказнейшая вытворчасць...».
А наш сучаснік пісьменнік Барыс Сачанка сцвярджаў, што «літаратура вучыць чалавека глыбей глядзець на ўсё, што вакол нас: людзей, прыроду, наогул – на ўвесь свет...»
Пра літаратурную класіку, яе традыцыі і перспектывы пойдзе гутарка ў эфіры «Творчага вечара». Тым больш – ёсць для гэтага інфармацыйная нагода. З панядзелка ў Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праходзіць «Тыдзень беларускай літаратуры».
Госця студыі – літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Ірына Багдановіч.
«Творчы вечар» у эфіры – 19 верасня ў 21.05.