23 ліпеня – саракавіны пісьменніка, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леаніда Левановіча.
Яго малая радзіма – вёска Клеявічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Ён працаваў у рэспубліканскіх газетах, штотыднёвіку “ЛіМ”, часопісах “Нёман”, “Полымя”, на Беларускім тэлебачанні, у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Аўтар кніг прозы “Мадонна з кветкаю”, “Якар надзеі”, “Валанцёр свабоды”, “Вяртанне ў радыяцыю”, “Ларыса, альбо Прыгоды аўтамабіліста” ды іншых. Галоўным набыткам творчасці пісьменніка лічыцца гістарычны цыкл “Прыдняпроўская хроніка”, які складаецца з 7 раманаў. Крытык Дзмітрый Бугаёў у адным са сваіх артыкулаў пісаў, што “пра раманны эпас Левановіча можна гаварыць як пра прыкметную з’яву ў беларускай прозе канца ХХ стагоддзя…”.
Амаль тры гады таму, да 80-годдзя з дня нараджэння пісьменніка Леаніда Левановіча, мы запісалі з ім вялікую юбілейную праграму. У яго быў цудоўны настрой, ён шмат жартаваў, згадваў свой творчы шлях, калег па літаратуры, і канечне – сваю малую радзіму. Ва ўсім гэтым адчувалася і актыўная жыццёвая пазіцыя, і адказнасць за слова, і яго мудрая выснова, што галоўнае ў жыцці, не страціць веру ў дабро і свае ўласныя сілы…
У літаратурнай праграме «Творчы вечар» светлай памяці Леаніда Левановіча прагучаць фрагменты той апошняй гутаркі з Леанідам Кірэевічам. Запіс быў зроблены 30 жніўня 2018 года.
Слухайце праграму ў эфіры 22 ліпеня ў 21.05.