Сумная вестка прыйшла апошнімі лістападаўскімі днямі. Не стала МІКОЛЫ МЯТЛІЦКАГА. Цудоўнага паэта і перакладчыка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь.
Некалі Яўгенія Янішчыц у вершы, прысвечаным Уладзіміру Караткевічу, напісала: «А самых лепшых – час не беражэ…». Як бы там ні было, але, сапраўды, адыход у вечнасць людзей, адораных Богам высокім талентам, успрымаецца як агульнанародная страта. Таму што цудоўна разумееш, колькі б яшчэ маглі яны зрабіць для Беларусі! І якая б гэта была непаўторная справа для беларускай літаратуры, для роднага слова…
Літаратурная праграма «Творчы вечар» прысвечана светлай памяці МІКОЛЫ МЯТЛІЦКАГА. Прагучаць фрагменты юбілейнай гутаркі з МІКАЛАЕМ МІХАЙЛАВІЧАМ «Мой дзень зямны».
Запіс быў зроблены ў сакавіку 2019 года.
Эфір – 2 снежня ў 21.05.