Сёння, калі на нашай хвалі цэлы дзень гучыць святочная нота, мы з задавальненнем працягнем прафесійную тэму ў вячэрнім эфіры.
Імя гэтай цудоўнай жанчыны добра ведае наш слухач. І не толькі дзякуючы купалаўскай сцэне, якой яна аддала больш за 60 гадоў свайго творчага лёсу, але і дзякуючы беларускаму эфіру, у якім яе голас гучыць таксама не адно дзесяцігоддзе. А ў творчым актыве – сотні роляў, сыграных ў радыёспектаклях і пастаноўках, яна – выключны майстра мастацкага чытання ў радыёэфіры.
Радыйная біяграфія народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч – прыклад таго благаславёнага супадзення, калі асоба, час і атмасфера пошуку знаходзяцца ў адной плоскасці. Аднак жа перадусім – асоба самой Артысткі. Бо што такое талент? Боскі дар сто разоў памножаны на працу і яшчэ раз працу. Па словах самой Марыі Георгіеўны, «калі ты не патрацішся, нічога не атрымаецца»...
Голас Марыі Георгіеўны заўсёды чакаюць прыхільнікі паэзіі і прозы. Эмацыянальная ўзрушанасць і сардэчная глыбіня выканання робяць сапраўдныя цуды! Слова набывае іншую вагомасць, яно стварае выразны свет вобразаў і пачуццяў, якія перадаюць слухачу энергію аўтарскай думкі і вышыню духу. А яшчэ – пераконваюць у якасці напісанага.
Пра ролю Беларускага радыё ў творчым лёсе народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч пойдзе гутарка ў літаратурным «Творчым вечары». У яе выкананні прагучыць кампазіцыя «Дарог маіх нізіны ды ўзгоркі» паводле вершаў паэтэсы Яўгеніі Янішчыц.