Да 96-й гадавіны Беларускага радыё на Першым нацыянальным канале адбудзецца прэм’ера. Наш новы пастановачны праект упершыню рэалізаваны ў жанры радыёсерыяла. У аснове пастаноўкі – аповесць Жоржа Сіменона «Мэгрэ і чалавек на лаўцы» з яго найпапулярнага цыкла твораў пра камісара паліцыі Мэгрэ. Радыёп’еса напісана Уладзімірам Сцяпанам паводле перакладу аповесці Сіменона на беларускую мову Алеся Асташонка. У пастаноўцы заняты два дзясяткі артыстаў вядучых беларускіх тэатраў. Музыка кампазітара Дзмітрыя Далгалёва гучыць у выкананні сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі, дырыжор Аляксандр Высоцкі.
Наша прэм’ера – не толькі захаванне традыцый «Тэатра Беларускага радыё», але і пошук новых пастановачных форм менавіта ў аўдыяфармаце. Пры гэтым застаецца галоўны прынцып – за аснову мы бяром якасную літаратуру. Сіменон – не проста майстра сусветнага дэтэктава, для пісьменніка важны сацыяльна-псіхалагічны аспект злачынства, яго Мэгрэ даследуе найперш чалавечую душу.
Удзельнікі «Творчага вечара»:
рэжысёр пастаноўкі Алег Вінярскі,
кампазітар Дзмітрый Далгалёў,
артысты Аляксандр Вергуноў і Кацярына Крылова,
заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Андрэй Душачкін.
Слухайце прэм’еру дэтэктыўнага радыёсерыяла «Мэгрэ і чалавек на лаўцы» на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё штодня з 15 па 28 лістапада ў ранішнім эфіры ў 10.10 і ў вячэрнім эфіры ў 20.20, а таксама на сайце радыё.бел.
«Творчы вечар» у эфіры – 11 лістапада ў 21.05.