Міхася Іосіфавіча Мушынскага яшчэ пры жыцці называлі падзвіжнікам беларускай навукі. Ён прызнаны самым аўтарытэтным у Беларусі коласазнаўцам. Яго ведаюць як выключнага тэкстолага – на працягу амаль чвэрці стагоддзя ўзначальваў аддзел выданняў і тэксталогіі акадэмічнага Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы. Пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле ажыццяўлялася падрыхтоўка Збораў твораў многіх класікаў беларускай літаратуры. Ім заснавана новая школа беларускага літаратуразнаўства. Міхась Іосіфавіч Мушынскі плённа супрацоўнічаў і з Беларускім радыё. Яго важкае слова даследчыка можна было пачуць у розных літаратурных радыёпраектах.
«Свайму часу і вечнасці». Да 90-годдзя з дня нараджэння доктара філалагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Міхася Мушынскага – так вызначана тэма літаратурнага «Творчага вечара».
Госці студыі – галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, доктар філалагічных навук Яўген Гарадніцкі, загадчыца аддзела выданняў і тэксталогіі Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук Алена Васілевіч, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ Людміла Сінькова, пісьменніца, журналіст, тэатральны крытык, дачка Міхася Іосіфавіча Таццяна Мушынская.
Пачатак эфіру: 29 красавіка ў 21.05.