27 лістапада – гадавіна з дня адыходу ў жыццё вечнае Міколы Мятліцкага, цудоўнага паэта і перакладчыка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь.
Ён – аўтар шматлікіх кніг паэзіі, першая з якіх мела назву «Абеліск у жыце» і гэтым адразу вызначыла болевы парог нашай памяці. Занепакоенасць лёсам бацькоўскай зямлі стала галоўнай у творчасці Міколы Мятліцкага. Вёска Бабчын Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці – малая радзіма паэта. У канцы 80-х ХХ стагоддзя яна апынулася ў зоне Чарнобыльскай аварыі. Па прызнанні аўтара, гэтая бяда падзяліла яго жыццё на дзве паловы: да красавіка 1986-га года і пасля… І не пісаць пра гэта ён проста не мог. Некалькі кніг прысвечаны балючай тэме: «Горкі вырай», «Палескі смутак», «Шлях чалавечы», «Хойніцкі сшытак».
Магчыма, перажыўшы вось такую ўласную трагедыю, Мікола Мятліцкі ў апошнія гады шмат і плённа займаўся перакладамі. Асабліва яго цікавіла кітайская паэзія, гісторыя якой праецыравалася на агульначалавечыя праблемы. У выніку скрупулёзнай і натхнёнай працы выйшлі дзве грунтоўныя анталогіі: «Пад крыламі Дракона: Сто паэтаў Кітая» і «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы: Паэты Кітая ХХ стагоддзя».
Мікалай Міхайлавіч не раз браў удзел у літаратурных праграмах Беларускага радыё, і гэтае творчае супрацоўніцтва пачалося яшчэ са студэнцкіх гадоў. У нашых фондах захаваліся некалькі кампазіцый паводле яго вершаў, а таксама – дыялогі з самім паэтам. У сакавіку 2019-га года мы запісалі вялікую гутарку да яго 65-годдзя. У літаратурнай праграме «Творчы вечар» светлай памяці Міколы Мятліцкага прагучаць фрагменты таго апошнега юбілейнага запісу.
А яшчэ вы пачуеце прэм'еру кампазіцыі «Абярэг» паводле новай кнігі Міколы Мятліцкага, якая завяршыла яго паэтычную трылогію (папярэднія – «Бяссмертнік», «Існасць»), прысвечаную гераічнаму лёсу Айчыны, і якую сам аўтар не паспеў патрымаць у руках.
Выканаўца – заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Рагаўцоў.
Эфір: 24 лістапада ў 21:05.