Калі запальваюць зоркі, значыць тое камусьці патрэбна... У гэтым вызначэнні рускага класіка можна шукаць удалую метафару ці глыбінную філасофію. Але, на маю думку, яна спавядае больш істотнае: вышэйшы сэнс усіх чалавечых намаганняў. На пачатку ХХ стагоддзя на небасхіле беларускай літаратуры запаліліся адразу дзве зоркі, якія дасюль вызначаюць шлях яе развіцця. І гэта спатрэбілася цэламу народу, бо яны сталіся выказнікамі дум і спадзяванняў усёй беларускай нацыі. Але і праз адлегласць часу іх таямніца, як сапраўдных нацыянальных геніяў, па-ранейшаму застаецца. І кожнае новае пакаленне беларусаў далучаецца да яе, каб расчытаць і зразумець галоўнае.
У літаратурным «Творчым вечары» мы працягваем юбілейны цыкл «Святло любові і годнасці. Да 140-годдзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа».
Сёння госця студыі – галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, праўнучка класіка Васіліна Міцкевіч. Гутарка пойдзе пра святая святых кожнага музея – фонды, якія, дарэчы, справядліва называюць яго душой і сэрцам. Шмат цікавостак пачуем ад нашай госці і паглядзім на постаць народнага паэта крыху з іншага ракурсу, даведаемся і пра новыя юбілейныя праекты, якія стануць магчымымі, дзякуючы багатым музейным калекцыям.
Пачатак эфіру – 31 сакавіка ў 21.05.