Юбілеі класікаў беларускай літаратуры актывізуюць наша стаўленне да спадчыны, даюць імпульс для больш актыўнага зацікаўлення асобай і творчасцю пісьменніка, разуменнем таго гістарычнага часу, у якім яму выпала жыць і рэалізоўваць свой талент.
«Святло любові і годнасці. Юбілейны праект да 140-годдзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа» – тэма літаратурнага «Творчага вечара», у якім бяруць удзел супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы: загадчыца аддзела навукова-экспазіцыйнай і выставачнай работы Марыя Барткова і вядучы навуковы супрацоўнік Павел Каралёў.
Пра юбілейную атмасферу Дома Купалы, новыя выставачныя праекты, выданне альбома-каталога фотаздымкаў народнага паэта з фондаў музея «Ты гэтых вачэй не забудзь», сумесны праект з выдавецтвам «Мастацкая літаратура», які рыхтуецца для ХХІХ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу ды пра шмат іншых музейных ініцыятыў раскажам разам з гасцямі студыі.
Верш Янкі Купалы «Чорныя вочы» прагучыць у выкананні заслужанага артыста Беларусі Аляксандра Шарова.
Эфір – 17 сакавіка ў 21.05.