Лепшай памяццю пра пісьменніка ёсць выданне яго спадчыны. На сённяшні дзень мы можам гаварыць пра новы Збор твораў вядомай паэтэсы, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Яўгеніі Янішчыц у 4-х тамах. Першыя тры ўжо выйшлі ў «Выдавецкім доме «Беларуская навука», чацвёрты знаходзіцца ў працы.
Гэты ўнікальны праект падрыхтавалі кандыдат філалагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Святлана Калядка і паэтэса, аднакурсніца і сяброўка Яўгеніі Янішчыц, кіраўнік Магілёўскага гарадскога літаратурнага клуба «Святліца» Тамара Аўсяннікава.
Пра канцэпцыю новага выдання, якое адкрывае і невядомыя раней старонкі творчасці Яўгеніі Янішчыц, раскажуць госці літаратурнага «Творчага вечара» – Святлана Калядка і Тамара Аўсяннікава. Вершы паэтэсы прагучаць у выкананні народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч.